Запрашае дабрачынная акцыя

«Калядная ёлка — нашы дзеці»

8 студзеня па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў Мінску адбудзецца XXІV рэспубліканская дабрачынная акцыя «Калядная ёлка — нашы дзеці». Свята аб’яднае больш за паўтары тысячы дзяцей з раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і папоўніць скарбонку добрых спраў рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», якая праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 11 снежня па 10 студзеня.

24-ы год запар у светлае свята Божага Нараджэння мерапрыемствы дабрачыннай акцыі «Калядная ёлка — нашы дзеці» традыцыйна адкрые Калядная літургія ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Сёлета храм гасцінна расчыніць дзверы для больш чым чатырохсот юных талентаў з Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Буда-Кашалёўскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, Мазырскага раёнаў Гомельскай вобласці, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага Магілёўскай вобласці. Усе гэтыя адораныя дзеці сталі ў 2017 годзе фіналістамі XXXІ Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця: у будучыню — з надзеяй».

Мітрапаліт Павел павіншуе дзяўчынак і хлопчыкаў з надышоўшым святам усёдаравання, светлых пачуццяў і любові, здзейсніць малітву за дзяцей Беларусі і блаславіць удзельнікаў сустрэчы.

Пасля ў Белдзяржцырку юныя госці беларускай сталіцы акунуцца ў атмасферу чараўніцтва і прыгод, а героі «Навагодняй казкі» дзеля выратавання ўсімі любімага свята пройдуць праз мноства выпрабаванняў, будуць змагацца са злымі сіламі і сустрэнуцца з сапраўдным Дзедам Марозам. Перад пачаткам святочнага прадстаўлення на арэне цырка на адрас удзельнікаў «Каляднай ёлкі» прагучаць прывітанні і віншаванні з Новым годам і Калядамі ад арганізатараў дабрачыннага праекта. Кульмінацыяй свята стане ўручэнне дзецям салодкіх падарункаў.

Арганізатарамі XXIV рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Калядная ёлка — нашы дзеці» выступаюць Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы, Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Дзяржаўнай відовішчнай установы “Беларускі дзяржаўны цырк”. За гады рэалізацыі “Калядная ёлка — нашы дзеці» аб’яднала каля 49 тысяч дзяцей.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда