“ПапаЗал”, або Маці ўваход забаронены!

Што будзе, калі на некалькі гадзін пакінуць маленькіх дзяцей з татамі? Камічная сітуацыя? Хаос? Ці нават катастрофа? А вось і не! «Яны цудоўна і з карысцю правядуць час», – упэўнены шматдзетны бацька і заснавальнік унікальнага праекта «ПапаЗал» гамяльчанін Сяргей БЫЧКОЎ.

Па сутнасці, “ПапаЗал” – гэта мара кожнай матулі. Уявіце: муж забірае дзіця і сыходзіць з ім на вечар у спартыўную залу. Вас з сабой, вядома, не бяруць. У іх свая тусоўка з мячамі, актыўнымі гульнямі. А што жанчына? Можа адпачыць і нарэшце заняцца тым, пра што даўно марыла, але да чаго рукі ніяк не даходзілі. І зараз я кажу не пра хатнія справы. Клопат аб сабе, любімай, ніхто не адмяняў.

 – Сяргей, як вы зацікавіліся тэмай бацькоўства? Многія мужчыны на гэты конт не замарочваюцца, а дзейнічаюць па абставінах.

– Насамрэч, да таго, як мы адкрылі “ПапаЗал”, у Гомелі з’явіўся філіял сталічнай “Папа-школы” і Савет бацькоў Гомеля. На базе дзіцячай цэнтральнай паліклінікі група валанцёраў (у тым ліку і я) праводзілі заняткі для будучых тат. І хаця мужчыны ніколі не зразумеюць усіх цяжкасцяў нараджэння дзіцяці, яны такія ж паўнавартасныя ўдзельнікі працэсу яго выхавання з першых дзён жыцця, як і жанчыны.

Увогуле, тэма выхавання дзяцей з боку бацькі мяне хвалявала заўсёды. Разам з дырэктарам 45-й школы, дзе вучыцца мой сын, мы нават спрабавалі праводзіць семінары і лекцыі для неабыякавых тат. Але гэты фармат дзейнасці не пайшоў. Сталаму чалавеку, тым больш таму, у якога ёсць праца і сям’я, гэта аказалася малацікавым.

– Як на “ПапаЗал” рэагуюць матулі?

– Цудоўна! Спачатку ад радасці нават не ведалі, чым сябе заняць, але цяпер прызвычаіліся. Дарэчы, аднойчы мы запрасілі іх у залу ў якасці глядачак. І гэта была вялікая памылка! (Смяецца). У прысутнасці мам дзеці пачалі прасіцца на ручкі, капрызіць… Адным словам, тады быў першы і апошні раз, калі мы паклікалі жанчын на нашую тэрыторыю.

 – За тры гады існавання “ПапаЗал” з маленькай ініцыятывы неабыякавых гомельскіх бацькоў вырасла да сеткі сямейных клубаў пры школах і дзіцячых садках. Цяжка было гэта ажыццявіць?

– Прызнаюся, ніхто нават не марыў, што мы выйдзем за межы роднага горада. Але пасля таго, як “ПапаЗал” выйграў хакатон і ўзяў гран-пры галоўнага сацыяльнага конкурсу Беларусі “SOCIAL WEEKEND”, стала ясна: нашая ідэя запатрабаваная. У праект паверыў вядомы IT-бізнесмен Юрый Мельнічак, падтрымаў нас фінансава і праект пачаў пашырацца. У Брэсце на вяслярным канале “ПапаЗал” адкрыўся лёгка, нам нават не прыйшлося ехаць туды. У Петрыкаве і Магілёве – аналагічна. Але ў Оршы ўсё было не так гладка. Там мясцовыя хлопцы доўга не маглі знайсці зал і падтрымку. Але на дапамогу прыйшла мясцовая арганізацыя БРСМ. Бывае, што не хапае мадэратараў – людзей, якія бралі б на сябе арганізацыйныя моманты. Не трэба забывацца, што “ПапаЗал” – гэта перш за ўсё валанцёрская тэма. Тут ніхто нікому нічога не плаціць.

Каб усё спрасціць, мы з нашым аддзелам адукацыі распрацавалі поўны пакет дакументаў для школ: палажэнне, інструкцыі па тэхніцы бяспекі, дысклэймер (папера, якая здымае з настаўнікаў  адказнасць за дзяцей падчас заняткаў “ПапаЗала” і перакладае яе на бацькоў), праграма для мадэратараў. Бяры – карыстайся! Камусьці гэтага хапае, а хтосьці па-ранейшаму баіцца ці лянуецца.

– Тым не менш “ПапаЗал” цяпер існуе ў Расіі і на Украіне…

– Так, нашыя замежныя адрасы – Пензенская вобласць, Тальяці, Кіеў. Таксама праектам зацікавіліся ў Балгарыі, Польшчы і Грузіі. Разам з тым у Беларусі застаецца шмат незакранутых намі гарадоў. Напрыклад, Віцебск, Гродна і Мінск. Ёсць з чым працаваць.

 – У “ПапаЗал” вы запрашаеце бацькоў з дзецьмі ўзросту ад 0,6 да 7 гадоў? Чаму менавіта гэтая катэгорыя?

– Увечары такім дзеткам якраз няма чым заняцца. Школьнікі ўрокі рыхтуюць, і тусоўкі з сябрамі ў іх свае. А што рабіць малым? Увосень, зімой, вясной – куды ты з імі пойдзеш? Калі пастаянна хадзіць у платныя забаўляльныя цэнтры, дык і разарыцца можна.

 – Як вы лічыце, ці адрозніваюцца мужчынскае і жаночае выхаванне дзяцей?

– Безумоўна. Мужчыны і жанчыны па-рознаму падыходзяць да гэтай тэмы. Прывяду просты прыклад. Калі малое дзіця ў двары будзе лезці на высокую горку, маці хутчэй за ўсё пачне крычаць, каб яно адтуль злезла. А бацька палезе разам з ім.

Акрамя таго, зазначу, што не люблю размоў пра раўназначнасць маці і бацькі ў выхаванні. У кожнага свае функцыі. Мама дае такую любоў, якую бацька даць апрыёры не зможа. А тата – гэта той чалавек, які ўводзіць дзіця ў соцыум. Так было заўсёды. Напрыклад, бацька браў сына з сабой на паляванне. Цяпер жа мужчына бярэ дзіця і прыводзіць яго ў спартыўную залу, вучыць паводзіць сябе ў мужчынскім асяродку.

 – Не так даўно вы арганізавалі яшчэ адзін праект – “Рух дваровых гульняў”.

– На жаль, двары i школьныя стадыёны часта “акупіруюць” зусім не тыя кампаніі, для якіх яны прыдуманыя. Увечары там можна пабачыць людзей з цыгарэтай у адной руцэ і бутэлькай піва ў другой. Мы імкнёмся змяніць гэтую сітуацыю, хаця б у нашым горадзе.

“Рух дваровых гульняў” – для падлеткаў. Каб яны не выпадалі з нашай бацькоўскай тусоўкі, мы прыдумалі праект і для іх. Футбол, воркаўт, “выбівалы”, фрысбі – згадзіцеся, гэта лепш, чым сядзець увесь час перад камп’ютарам? Тут усё больш сур’ёзна, чым у залах, – ёсць чэмпіянаты з прызамі і медалямі. У бліжэйшых планах – пабудаваць вялікую пляцоўку для воркаўта.

– Ведаю, вы пачалі весці блог у інтэрнэце.

– Так. У пэўны момант я зразумеў, што ў мяне назбіралася шмат інфармацыі па тэме бацькоўства. Ёсць досвед, якім хочацца падзяліцца з іншымі. Таму пачаў запісваць відэа. Пра што? Ды пра ўсё тое, што можа зацікавіць нармальнага мужчыну 30–40 гадоў: выхаванне дзяцей, адказныя адносіны да ўласнага здароўя, адносіны з жонкай.

 – Якія памылкі, на вашую думку, дапускаюць таты ў выхаванні дзяцей часцей за ўсё?

– Самая вялікая памылка – не любіць сваёй жонкі. У многіх сем’ях цэнтрам становяцца дзеці, з-за гэтага адносіны паміж жанчынай і мужчынам адыходзяць на другі план, а пасля ўвогуле могуць растварыцца ў побыце і паўсядзённым клопаце аб малых. Бацькі часта пазбаўляюць сябе асабістага шчасця дзеля дзяцей. Гэта няправільна. Дзеці вырастуць і сыйдуць з бацькоўскай хаты, і тады застануцца два чалавекі, у якіх не будзе нічога агульнага. А калі дзеці бачаць, што бацькі любяць не толькі іх, але і адно аднаго, яны таксама засвояць правільную мадэль паводзін, якая ў іх перад вачамі.

– У сродках масавай інфармацыі вас часта называюць узорным татам. Што вы думаеце на гэты конт?

– Ідэальных не бывае. “Праколы” здараюцца абсалютна ва ўсіх, я не выключэнне. Бываюць сітуацыі, калі балюча і табе, і дзецям, і жонцы. У такія моманты важна ўмець папрасіць прабачэння і знайсці агульны выхад, а не моўчкі закрывацца ў сабе.

Ганна КУРАК, Звязда

Фота аўтара