Н.Качанава ўручыла

юным беларусам пашпарты

Галоўныя героі акцыі — 14-гадовыя падлеткі. Дваццаць сем хлопцаў і дзяўчат прыехалі з розных куткоў Беларусі — ад Баранавіч да Полацка, каб атрымаць з рук кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай галоўны дакумент у іх жыцці. Удзельнікі акцыі ўжо даказалі, што з’яўляюцца годнымі прадстаўнікамі сучаснай моладзі. Сярод іх — актывісты БРСМ і БРПА, выдатнікі вучобы, юныя артысты, члены спартыўных камандаў, пераможцы навукова-практычных канферэнцый і прадметных алімпіяд.

Па просьбе журналістаў Наталля Качанава ўспомніла, як сама ўпершыню атрымала пашпарт:

— Раней такіх урачыстых мерапрыемстваў не было. Мы прыходзілі ў пашпартны стол, распісваліся і атрымлівалі дакумент. Вельмі радуюся, таму што з’явілася такая слаўная, добрая традыцыя, якая несумненна павінна працягвацца. Для маладога чалавека — гэта знакавы дзень, які ён запомніць на ўсё жыццё.

Цырымонія ўручэння дала старт Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі. Святочныя мерапрыемствы будуць адбывацца з 12 да 15 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны. Удзельнікамі патрыятычнага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі стануць пераможцы маладзёжнай эстафеты творчасці «Мая Беларусь. Мая будучыня». Падчас мерапрыемстваў яны прачытаюць уласныя вершы аб Радзіме. Галоўныя падзеі акцыі пройдуць таксама ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Савеце Рэспублікі і Канстытуцыйным судзе.

Марыя ДАДАЛКА, Звязда

Фото Марии Беликовой