У НАН Беларусі вызначаць удзельнікаў фіналу

конкурсу “100 ідэй для Беларусі”

29 лістапада ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца конкурсны адбор маладых навукоўцаў для ўдзелу ў фінальным этапе праекта “100 ідэй для Беларусі”. Ён будзе праводзіцца ў выглядзе выставы і абароны маладзёжных інавацыйных праектаў з вусным выступленнем і прэзентацыяй.

На выставе будзе прадстаўлена каля 30 найлепшых інавацыйных праектаў маладых вучоных у розных сферах: гэта інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі; аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць; бія- і нанаіндустрыя; медыцына, фармацыя медыцынская тэхніка; рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў; грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера; медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка; прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць і іншых

Сярод маладзёжных праектаў НАН Беларусі, якія будуць прадстаўлены на выставе — 3D друк біялагічна сумяшчальнымі гідрагелямі, тэхналогія банкіравання алагенных дэндрытных клетак для прымянення ў лячэнні анкалагічных захворванняў; электронны вызначальнік рыб, камп’ютарнае мадэляванне новых лекавых прэпаратаў, дыстанцыйнае аўтаматычнае картаграфіраванне палягання збожжавых культур і іншыя.

Ва ўдзельнікаў конкурснага адбору будзе толькі тры хвіліны, каб абараніць свае праекты перад членамі экспертнага Савета, у які ўвойдуць вядучыя вучоныя НАН Беларусі і прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Згодна з палажэннем аб правядзенні рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор і забяспечвае падрыхтоўку ўдзельнікаў праекта для чацвёртага (фінальнага) этапа.

«100 ідэй для Беларусі» — рэспубліканскі маладзёжны праект БРСМ, асноўная задача якога заключаецца ў актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнні і прасоўванні канкрэтных інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак.

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда