Залатая шайба

Пружаны ў чарговы раз сталі сталіцай дзіцячага хакея нашай краіны. Ужо шмат гадоў у Лядовым палацы праходзяць фіналы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На працягу тыдня на пружанскім лёдзе працягваліся баталіі сярод каманд старэйшай узроставай групы. Барацьбу за ўзнагароды турніру вялі каманды ўсіх абласцей і горада Мінска.

Сёлета ўжо другі год запар спаборніцтвы праводзяцца па новай схеме: каманды разбіты на два дывізіёны. У дывізіёне «А» бралі ўдзел хакейныя дружыны раёнаў і гарадоў, дзе ёсць Лядовыя палацы. Адпаведна ў дывізіёне «Б» спаборнічалі калектывы, дзе такіх спартыўных збудаванняў няма.

У дывізіёне «А» каманды спачатку высвятлялі адносіны ў групах. У першай змагаліся: «Спартак» (Гомельская вобласць», «Спадчына» (Віцебская вобласць), «Мядзведзі» (Маскоўскі раён, г.Мінск), «Сокал» (Магілёўская вобласць). У другой — «Шахцёр» (Мінская вобласць), «Прынёманскія ястрабы» (Гродна), «Грыфоны» (Цэнтральны раён г.Мінска), «Мухавец» (Пружанскі раён).

Падчас урачыстага адкрыцця турніру сваё майстэрства хакеістам і гледачам, якія запоўнілі трыбуны, прадэманстравалі выхаванкі пружанскай школы фігурнага катання, а таксама юныя артысты ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры.

Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец і прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь С.С.Саскавец, які агучыў зварот да ўдзельнікаў турніру «Залатая шайба» Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі.

Першымі на пляцоўку выйшлі сталічныя «Мядзведзі» і хакеісты «Спадчыны». Гульня прайшла з адчувальнай перавагай мінскіх хакеістаў, якія і святкавалі перамогу з лікам 20:6.

«Мухавец» у стартавай гульні высвятляў адносіны з «Шахцёрам». Пасля першага перыяду нашы хакеісты вялі з лікам 1:0, але пасля аддалі ініцыятыву саперніку і пацярпелі буйное паражэнне — 1:5. Але, як потым высвятлілася, у складзе «Шахцёра» на пляцоўку выходзіў хакеіст, які не адпавядае рэгламенту турніру. У выніку камандзе з Мінскай вобласці было залічана тэхнічнае паражэнне.

У сваім другім матчы наша каманда змагалася з «Прынёманскімі ястрабамі». У першым і трэцім перыядзе гледачы не ўбачылі закінутых шайб. А вось у другім перыядзе «Мухавец» саступіў саперніку — 0:3.

Свой апошні матч у групе нашы хакеісты гулялі з мінскімі «Грыфонамі». У гэтай сустрэчы яны даказалі, што можна змагацца і з тытулаванымі сапернікамі. Канечне, нашы хлопцы саступалі ў майстэрстве, але за кошт самаадданасці, волі да перамогі, гарачай падтрымкі трыбун адолелі грознага саперніка.

Пасля двух перыядаў на табло гарэлі лічбы 2:2. У трэцім перыядзе пераможную шайбу ў вароты «Грыфонаў» закінуў Серафім Сень. Нельга не адзначыць і гульню нашага варатара Ягора Чэрніка, які шмат разоў выручаў каманду ў самых крытычных сітуацыях.

Такім чынам, у другой групе адразу тры каманды пасля групавога этапу набралі па чатыры ачкі. Па дадатковых паказчыках першымі сталі «Грыфоны», другое месца дасталося «Прынёманскім ястрабам», трэцяе — «Мухаўцу».
У першай групе максімальны вынік паказалі «Мядзведзі» — тры перамогі ў трох матчах. Другім фінішаваў «Сокал», трэцім «Спартак».

«Мухавец» у матчы за пятае-шостае месца з лікам 5:8 саступіў «Спартаку». «Прынёманскія ястрабы» за сем секунд да фінальнай сірэны вырвалі перамогу ў «Сокала» — 4:3 і занялі трэцяе месца.

У галоўным фінале сустрэліся сталічныя «Грыфоны» і «Мядзведзі». Асноўны час гульні не выявіў пераможцу — 3:3. У авертайме гледачы не ўбачылі закінутых шайб. І толькі ў серыі пасляматчавых булітаў «Грыфоны» адолелі саперніка з лікам 4:3 і сталі пераможцамі турніру.

Каманда-пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі, дыпломамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, асабістымі падарункамі і спецыяльнымі прызамі. Каманды, якія занялі 4-6 месцы, адзначаны прызамі пружанскага грамадскага аб’яднання «Абарона дзяцей Чарнобыля».

Памятныя падарункі атрымалі таксама лепшы варатар, абаронца, нападаючы і бамбардзір. Лепшым варатаром прызнаны наш Ягор Чэрнік. У лепшую пяцёрку турніру ўключаны таксама Ілья Пілюцік.

Мікола АРХУЦІК.
Фота Сяргея Талашкевіча.