5 прычын, па якіх варта было наведаць Дзень вышыванкі

У перадсвяточную суботу на пляцоўцы каля Палаца спорту яблыку няма дзе ўпасці: аматары беларушчыны святкуюць Дзень вышыванкі.

Выкарыстанне адзення з нацыянальнай сімволікай зноў становіцца папулярным трэндам сярод жыхароў рознага ўзросту і сацыяльнага статусу.

Перад вачыма мігцелі не толькі завіткі нацыянальных арнаментаў на сукенках беларускіх красунь, але і блакітныя валошкі на кашульках у хлопцаў. Дзень вышыванкі стаў цудоўнай пляцоўкай для пошуку незвычайных творчых ідэй і крэатыву. З нагоды свята “Звязда” называе пяць прычын, па якіх варта было наведаць Дзень вышыванкі.

1.    Для аматараў беларускай нацыянальнай кухні на свяце былі прадстаўлены беларускія прысмакі за прымальны кошт. Напрыклад, дранікі, блінцы з мёдам і халаднік – па 2,5 рублі, аладкі і дэкаратыўныя пернікі – па 2 рублі. Для ахвотнікаў экстрыму прапаноўвалі смажаныя каштаны. А не згубіць тонус у жудасную спякоту дапамагалі беларускія напоі – збіцень, медавуха і квас.

2.    На выставе беларускіх майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вочы разбягаліся ад мноства рэчаў з нацыянальным каларытам. Гэта самаробныя сумкі, сурвэткі, ручнікі, гліняныя, драўляныя і саламяныя вырабы. На кірмашы можна было знайсці “вопратку” ў нацыянальным стылі для дакументаў. Сярэдні кошт на гаспадыню свята – вышымайку – 25 рублёў.
У вочы кідаліся вырабы Вольгі Сташкевіч, жыхаркі горада Мінска.

—    Я вырабляю з поўсці цацкі і дзіцячы абутак ужо сёмы год. У маёй калекцыі можна ўбачыць валёнкі і галёшкі, — тлумачыць Вольга. – Для мяне гэта ў першую чаргу заробак. Наогул мне падабаецца ручная творчасць, таму імкнуся ўдзельнічаць у розных выставах ад Саюза майстроў. Працую не адна, мне дапамагае муж.

Асабліва дапытлівыя ўдзельнікі свята прайшлі майстар-класы па вырабе рэчаў з саломы і цеста, вышыванні крыжыкам і кавальскай справе. Можна было ўласнаруч адбіць манетку з нацыянальнай сімволікай.

3.    Арт-парад “Пад сцягам у вышыванках” аб’яднаў прадстаўнікоў масавай культуры з аматарамі субкультураў. Адзін за адным прайшліся пераможцы ўсялякіх конкурсаў, алімпіяднікі, валанцёры і студатраднікі, чырлідары, ваяры-рыцары і прыгажуні ў нацыянальных уборах, аматары рэтра-тэхнікі і байкеры з усіх рэгіёнаў краіны. Грандыёзнае шэсце аб’яднала ўдзельнікаў творчых і фальклорных калектываў, духавых і інструментальных аркестраў, танцавальных школ, тэатраў, прадстаўнікоў розных прафесій і нацыянальных культур.

4.    Найбольш прывабным для моладзі аказаўся колар-фэст, арганізатары якога расфарбавалі ў вясёлкавы колер усіх ахвотнікаў. На свяце таксама працуе пляцоўка бодзі-арт. Спецыялісты сваёй справы знаёмяць удзельнікаў з тайным значэннем беларускіх арнаментаў і пераносяць узоры на цела.

5.    Актывісты БРСМ арганізавалі акцыю “Гэта наша”, падчас якой раздавалі стужачкі з нацыянальным арнаментам. Грандыёзным праектам стала калектыўнае пано з вышытым уручную арнаментам кожнага раёна рэспублікі. Палотнішча будзе вандраваць па краіне, а потым будзе змешчана ў музеі сучаснага мастацтва.

Вераніка Уласевіч.
Фота: Кацярына Сяргей