Гарадская дабрачынная акцыя БРСМ

«950 Добрых спраў» пройдзе ў сталіцы

6 верасня, у дзень 15-годдзя Грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, у рамках дабрачыннай акцыі “950 Добрых спраў” Мiнская гарадская арганізацыя БРСМ падорыць свята выхаванцам дзіцячага дома №5 г. Мінска. (Месца правядзення — вул Адзінцова, 4, пачатак — у 15.00).

Старт акцыі быў дадзены на XII Пленуме Мінскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ”. За некалькі месяцаў сталічныя валанцёры руху “Добрае Сэрца” зрабілі 949 добрых спраў. Фіналам дабрачыннай акцыі, прысвечанай юбілею сталіцы, стане святочная праграма для выхаванцаў сталічнага дзіцячага дома №5.

Падчас акцыі адбудзецца “Адкрыты дыялог”, удзельнікамі якога стануць кіраўнікі Мінскай гарадской арганізацыі ГА “БРСМ” розных гадоў, якія падзеляцца з юнакамі і дзяўчатамі сакрэтам поспеху, а таксама раскажуць, як вызначыцца з будучай прафесіяй. У дзяцей будзе ўнікальная магчымасць атрымаць свой малюнак, выкананы ў тэхніцы шаржа. Надасць святу яркіх фарбаў студыя аквагрыму Белдзяржуніверсітэта. Не дазволяць засумаваць роставыя лялькі і ўдзельнікі творчай студыі “Мім-БГ”. Дзеці стануць удзельнікамі казачнай пастаноўкі, а завяршыцца свята танцавальным флэшмобам.

У рамках дабрачыннай акцыі “950 Добрых спраў” выхаванцаў дзіцячага дома будуць чакаць мноства сюрпрызаў-падарункаў, напрыклад, прадстаўнікі студэнцкіх атрадаў Мінскага штаба працоўных спраў установяць для хлопчыкаў і дзяўчынак арэлі.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда