Вяскоўцы ў крэатыве абыходзяць гараджан —

першы сакратар абкама БРСМ

Першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Кірыл Шык расказаў карэспандэнту МЛЫН.BY, чым сучасная моладзь адрознiваецца ад савецкай, чаму так важна заахвочваць яе ўласным прыкладам і ці праўда, што вяскоўцы ў крэатыве абыходзяць гараджан. 

— Кірыл, БРСМ развівае найлепшыя камсамольскія праекты. Наколькі актыўна іх падтрымлівае моладзь?

— Сувязь пакаленняў — гэта вельмі важна. Памятаючы мінулае, мы ідзём наперад. Актывісты з зацікаўленасцю далучаюцца да ініцыятыў савецкіх часоў. Не губляе сваёй актуальнасці студатрадаўскі рух. А гэта не толькі праца, але і пэўная культура — мерапрыемствы, песні, знаёмствы. Штогод байцы робяць свой унёсак у развіццё рэгіёна. Сёлета аб’ектам маладзёжнай увагі было будаўніцтва дома сацыяльнага тыпу для шматдзетных сем’яў у Барысаве.

Маладзёжныя атрады аховы правапарадку — гэта таксама ініцыятыва камсамольскіх часоў. Яны дапамагаюць супрацоўнікам міліцыі, пажарным-выратавальнікам. Для актывістаў гэта і загартоўка характару, і ўзбагачэнне ведаў па бяспецы, і прафарыентацыя. З дапамогай МНС арганізоўваюцца экскурсіі па пажарных часцях, выезды ў абласны цэнтр па надзвычайных сітуацыях. Я бачу, як у маладых актывістаў загараюцца вочы, калі яны ўпершыню прымяраюць форму, слухаюць расказы афіцэраў. Байцы МААП атрымліваюць рэкамендацыі БРСМ для паступлення ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі, што дае перавагі пры залічэнні на факультэт унутраных войск Ваеннай акадэміі.

— Ці згодны вы з там, што сучасная моладзь больш амбіцыйная?

— Амбіцый у моладзі хапала і раней. Дзякуючы сучасным гаджэтам хлопцы і дзяўчаты сталі больш мабільнымі. Заўсёды на сувязі — гэта пасыл сучаснага пакалення. Інтэрнэт дае каласальныя магчымасці: абменьвацца інфармацыяй, вырашаць амаль усе пытанні на адлегласці. Каб быць з актывістамі на адной хвалі, мы выкарыстоўваем месенджары, актыўна працуем у сацыяльных сетках: VK, Facebook і Instagram. На базе гэтых інтэрнэт-платформ праходзяць конкурсы і акцыі. Мы абменьваемся вопытам з рознымі рэгіёнамі, абласцямі і нават краінамі. Я і сам адкрыты новаму, таксама вяду свой блог, дзялюся тым, што мне блізкае і можа зацікавіць іншых.

 У БРСМ шмат праектаў, якія папулярызуюць здаровы ўклад жыцця. І вы адзін з актыўных іх удзельнікаў. Вырашылі матываваць сваім прыкладам?

— Маладое пакаленне ідзе за тым, хто можа паказаць яму нейкую мадэль. І калі мы гаворым пра нашы ініцыятывы, я ў першую чаргу імкнуся да іх далучыцца. У свой час сур’ёзна займаўся спортам, з’яўляюся кандыдатам у майстры па веславанню. На фестывалі актыву абласной арганізацыі БРСМ «Васільковы вянок» сёлета разам з усімі ўдзельнічаў у спаборніцтвах па гіравому спорту. З’ехаліся каля 500 жадаючых прадэманстраваць свае спартыўныя дасягненні, весела правесці час. І ўвогуле саюзу моладзі ёсць што прапанаваць: мы праводзім спартакіяды, турзлёты, рэалізоўваем праекты ў сферы сямейнай палітыкі. У рэгіёне з’яўляюцца тата-залы, а нядаўна ў Бараўлянскай школе адкрылі першую мама-залу.

 Саюз моладзі  гэта так званая пляцоўка для самарэалізацыі. Праз добрыя справы хлопцы і дзяўчаты могуць заявіць пра сябе. Актыўна папаўняюцца новымі ўдзельнікамі валанцёрскія атрады «Добрае Сэрца».

— Абыякавых людзей менш, чым спагадлівых. Напрыклад, нядаўна ў метро страціла прытомнасць маладая жанчына. Яе вывелі з вагона, выклікалі дапамогу. Ніхто не пашкадаваў асабістага часу. Вось і моладзь нашай арганізацыі займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Хлопцы і дзяўчаты аказваюць дапамогу ветэранам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Мы цесна супрацоўнічаем з раённым саветам ветэранаў. Пажылым вяскоўцам у першую чаргу неабходна дапамога: дзеці пераехалі, жывуць далёка. Акрамя таго, валанцёрства — гэта абмен вопытам. Людзі сталага веку могуць расказаць шмат павучальнага. Таксама актывісты займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, помнікаў. На мінулым тыдні мы падводзілі вынікі акцыі «Аднаўленне святыняў. Крыніцы Беларусі». Гэта ініцыятыва БРСМ, якую арганізацыя праводзіць штогод: аднаўляе храмы, крыніцы, помнікі. Кожнае месца па-свойму цікавае і мае адметную гісторыю. Ёсць умоўна раскручаныя аб’екты, а пра некаторыя мала хто ведае. Актывісты стараюцца на агульную карысць: па крупінках збіраюць гэтую гісторыю, каб падзяліцца ёю з астатнімі.

 

 Адзін з самых цікавых праектаў, які дазваляе раскрыць патэнцыял сучаснай моладзі, — конкурс «100 ідэй для Беларусі». Многія прапановы, у тым ліку ўдзельнікаў з вобласці, знайшлі прымяненне на практыцы. Якія праекты мінулага сезона вам больш спадабаліся?

— Творчы патэнцыял рэгіёна высокі. І гэта не толькі тэхналагічныя напрацоўкі (робататэхніка, інжынерныя рашэнні), але і сацыяльныя, валанцёрскія. Дзякуючы конкурсу моладзь мае магчымасць заявіць пра сябе на рэспубліканскім узроўні і нават атрымаць грант. У экспертным савеце прысутнічаюць навукоўцы, бізнесмены, кіраўнікі. Самыя цікавыя ідэі могуць узяць на распрацоўку ў Акадэмію навук ці ўкараніць на прадпрыемстве. У мінулым сезоне я адзначыў для сябе два цікавыя праекты, арыентаваныя на дапамогу бяздомным жывёлам. Першы — арганізацыя паілак і кармушак у летні перыяд, другі — будаўніцтва цёплых хатак для катоў і сабак.

 Вы аднойчы адзначылі, што сельская моладзь  асобная катэгорыя, якую неабходна падтрымліваць. Чым увогуле вяскоўцы адрозніваюцца ад гараджан?

— Я думаю, што менавіта вясковыя жыхары рухаюць прагрэс. Калі я працаваў у сельскім Доме культуры, бачыў, якая актыўная і крэатыўная мясцовая моладзь. Яна прыкладае ўсе свае намаганні, каб у вёсцы было не горш, а можа, і лепш, чым у горадзе. Многія займаюцца прадпрымальніцтвам, робяць нешта сваімі рукамі. Вяскоўцам ёсць што паказаць і прапанаваць. Конкурс «Уладар сяла», які праводзіць БРСМ, стаў так званай платформай, дзе можна агучыць ідэі і пераняць вопыт. Ён добра прыжыўся ў вобласці і збірае шмат удзельнікаў. Павысіць сацыяльную і эканамічную актыўнасць вяскоўцаў дапамагае і форум сельскай моладзі. Яго ўдзельнікамі становяцца маладыя спецыялісты, работнікі сферы адукацыі і студэнты аграрных ВНУ. Гэта папулярызацыя сельскагаспадарчай працы i сельскага ўкладу жыцця, добры стымул на старце працоўнай дзейнасці.

 

 Кірыл Іванавіч, а як вы далучыліся да саюза моладзі?

— Каб рабіць добрыя справы, трэба шукаць аднадумцаў. Мой знаёмы, які быў на некалькі класаў старэйшы за мяне, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Яго прыклад натхняў мяне. А самая першая і важная акцыя, якую я арганізаваў сумесна з сябрамі па БРСМ, прайшла 9 Мая ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Мы, студэнты рэжысёрска-пастановачнай групы, распрацоўвалі і рэалізоўвалі святочныя пляцоўкі да Дня Перамогі.

У саюзе моладзі я заўсёды адчуваў сябе часткай вялікай сям’і. У арганізацыі няма рангавай сістэмы — мы ўсе аднолькавыя. І я вельмі рады тым, хто прыходзіць да мяне параіцца альбо падзяліцца ідэяй. Быць пачутым для маладога пакалення — гэта вельмі важна. БРСМ — гэта і аб’яднанне па інтарэсах, і пошук паплечнікаў, і добрыя справы дзеля роднай Беларусі. Калі побач з табой нераўнадушныя людзі, і сам працуеш лепш. Я лічу, што толькі сумесна можна дасягнуць значных вынікаў.

Ганна Халдеева

Фото: Святлана Курэйчык i старонка ВК «Белорусский республиканский союз молодёжи | БРСМ»