Праходзіць серыя адборачных спаборніцтваў

пад назвай «Бітва гарадоў»

Беларуская федэрацыя кіберспорту ў партнёрстве з сеткай крамаў электронікі і бытавой тэхнікі «5 элемент» і БРСМ анансавалі новы турнір рэспубліканскага маштабу: серыя адборачных спаборніцтваў пад назвай «Бітва гарадоў» пройдзе ва ўсіх абласных гарадах краіны. Такім чынам у рэгіянальных камандаў з’явіцца шанц заявіць пра сябе і прадставіць сваю вобласць на Гранд-фінале ў Мінску.

Да апошняга «Бітва гарадоў» будзе складацца з пяці адборачных турніраў. Адпраўным пунктам для новага чэмпіянату ўжо стаў Віцебск. Найлепшы калектыў па выніках кваліфікацый атрымаў пуцёўку ў фінальную стадыю і магчымасць пазмагацца за прызавы фонд у 6000 рублёў. У Магілёве адборачны турнір пройдзе 28 красавіка, у Гродне — 19 мая. Найлепшыя кіберспартсмены Брэстчыны сустрэнуцца падчас спаборніцтваў паміж сабой 4 жніўня, у Гомелі адбор сярод рэгіянальных камандаў адбудзецца 29 верасня. І, нарэшце, Гранд-фінал у сталіцы будзе вітаць пераможцаў абласных этапаў 17 лістапада.

На працягу турніраў удзельнікі спаборніцтваў будуць паказваць сваё майстэрства на спецыяльных гульнявых камп’ютарах з прафесійным абсталяваннем, якія цалкам адпавядаюць сусветнай спецыфікацыі.

Для гледачоў Беларуская федэрацыя кіберспорту і сетка крамаў «5 элемент» будуць рыхтаваць падарункі, тэматычныя фотазоны, касплеі і цікавыя конкурсы ад вядомага кіберспартыўнага вядучага. Інфармацыйную падтрымку спаборніцтвам аказвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў абавязковая і сапраўдная толькі для жыхароў канкрэтнага рэгіёна, дзе будзе праходзіць чарговы рэгіянальны турнір (уключаючы навучэнцаў ВНУ, ССНУ і іншых навучальных устаноў, якія часова пражываюць на тэрыторыі гэтай вобласці).

Адборачная серыя турніраў будзе праходзіць па некалькіх дысцыплінах. Галоўнай мэтай праекта з’яўляецца папулярызацыя кіберспорту ў краіне.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда