Кірыл ШЫК: «Разам рабіць добрыя справы»

Чатыры месяцы таму Мінскую абласную арганізацыю ГА «БРСМ» узначаліў Кірыл Шык. Пра тое, як далей будзе развівацца арганізацыя, чаму моладзі варта ўступаць у БРСМ і што за цікавыя праекты зараз рэалізуюцца на Міншчыне, – наша гутарка з першым сакратаром.

Візітоўка

Месца жыхарства: Дзяржынскі раён, вёска Галышова

Адукацыя: Мае некалькі вышэйшых адукацый. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Магістр педагагічных навук.

Працоўная дзейнасць: Пачынаў кіраўніком гуртка цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» г. Мінска, затым працаваў загадчыкам аўтаклуба аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама. Амаль пяць год узначальваў Чаркаскі сельскі Дом культуры Дзяржынскага раёна, па сумяшчальніцтве выкладаў на кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў». Два гады з’яўляўся першым сакратаром Дзяржынскага раённага камітэта ГА «БРСМ». З 2018 года – першы сакратар Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ». Дэпутат Фаніпальскага сельскага Савета дэпутатаў Дзяржынскага раёна 27-га склікання, дэпутат Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. Мае больш за дваццаць навуковых публікацый на тэму патрыятычнага выхавання моладзі.

– На нядаўняй сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з моладдзю была выказана думка на заканадаўчым узроўні надзяліць БРСМ уладнымі паўнамоцтвамі. Як вы лічыце, ці будзе гэта спрыяць росту яго моцы і ўплыву ў маладзёжным асяроддзі?

– Ініцыятыва сапраўды цікавая. У нашай моладзі вельмі шмат цудоўных прапаноў. Нездарма мы не першы год праводзім такі масштабны конкурс, як «100 ідэй для Беларусі». Лічу, што многія яго ідэі маглі б у будучым увасобіцца ў пэўныя заканадаўчыя акты. А моладзь у нас актыўная, яна з вялікім задавальненнем уключылася б у гэтую работу.

– Нядаўна вялікі рэзананс выклікаў у грамадстве ролік, дзе школьнікаў прымуша­юць уступаць у БРСМ. Як вы можаце яго пракаментаваць?
– Адназначна магу сказаць: мы не гонімся за колькасцю людзей. І заўсёды, калі збіраем нашых сакратароў разам, паўтараем адно і тое ж: нельга прымусова нікога заганяць у нашу арганізацыю. У нас насамрэч няма ніякіх разнарадак. Мы не патрабуем, каб навучэнцы той ці іншай установы адукацыі стопрацэнтна папаўнялі нашы шэрагі.

Мы разумеем, што ёсць лю­дзі, якія не імкнуцца ўступаць увогуле ў любую арганізацыю, а камусьці гэта забараняюць рабіць яго бацькі ці рэлігійныя погляды. Прычын можа быць шмат. Нам жа важна, каб моладзь на добраахвотнай аснове прыходзіла да нас. Бо калі цябе прымушаюць гэта зрабіць, ты адчуваеш негатыў, – значыць, карысці ад цябе не будзе. Таму толькі праз розныя цікавыя акцыі, мерапрыемствы і іншыя рэчы мы імкнёмся заахвоціць маладых людзей. Важна, каб яны самі выказалі жаданне далучыцца да такога моцнага моладзевага руху, як БРСМ.

А што тычыцца непасрэдна роліка, то я яго паслухаў, мабыць, разоў сем. І ў мяне ўзнікла пытанне: ці сапраўды гэта было? Калі сапраўды, то я лічу, што чалавек, які можа дазваляць сабе так размаўляць са школьнікамі, не павінен працаваць у сістэме адукацыі. Будзе лепш, калі ён знойдзе іншае месца працы, дзе зможа сябе рэлізаваць і прынесці карысць грамадству. Я шмат з кім абмяркоўваў пачутае, і нават тыя, хто не ўваходзіць у нашу арганізацыю, сказалі, што іх ніхто ніколі не прымушаў гэта рабіць. Мяне таксама. Калі я вучыўся ў школе, сам прыйшоў і напісаў заяву, што хачу ўступіць у тады яшчэ Беларускі патрыятычны саюз моладзі.

– А тым, хто зараз разважае, уступаць у БРСМ ці не, што вы прапанавалі б? Вось што дае грамадскае аб’яднанне сённяшняй моладзі?

– Вы цікавіцеся, што арганізацыя дае моладзі, а я заўсёды пытаюся: што ты можаш даць ёй? Калі ты прыходзіш сюды, то, верагодна, жадаеш штосьці добрае стварыць у сваім рэгіёне, зра­біць нешта дзеля таго, каб наша краіна квітнела з кожным днём… А плюсы, безумоўна, ёсць. Па-першае, гэта магчымасць быць у камандзе. Ты заўсёды ведаеш, што можаш звярнуцца да некага, хто цябе абавязкова падтрымае. Напрыклад, у цябе ёсць ідэя і ты хочаш яе рэалізаваць, але як – не ведаеш. У такім выпадку можаш звярнуцца ў першасную арганізацыю раённага камітэта і прыняць удзел у нейкім конкурсе ці выйграць грант на рэалізацыю свайго праекта. Калі гэта не адбудзецца, то як мінімум ты зможаш прапіярыць свой праект: ёсць шанц, што ім зацікавяцца пэўныя інстытуты, спонсары, партнёры ці прадпрыемствы, з якімі мы працуем. І, магчыма, такім чынам праект будзе рэалізаваны.

Чым яшчэ мы можам зацікавіць? Тым, што кожны малады чалавек, калі ён прыходзіць да нас, далучаецца да нейкай справы. Наша арганізацыя шматпрофільная: кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Гэта можа быць удзел у валанцёрстве, у студатрадаўскім руху, у іншых мерапрыемствах і праектах, якія рэалізуе саюз моладзі. Для чаго патрэбна грамадская арганізацыя? Для аб’яднання людзей, каб яны рабілі штосьці карыснае, адчувалі прыналежнасць да дзяржавы. Вось, напрыклад, прыняў ты ўдзел у будаўніцтве дзіцячага сада праз студатрад, а потым можаш з гонарам казаць сябрам, што таксама паклаў тут некалькі цаглін.

Калі мы гаворым пра Год малай радзімы, то ёсць моладзь, якая вельмі жадае штосьці добрае зрабіць для сваёй мясцовасці. Напрыклад, добраўпарадкаваць двор каля дома. Аднак саромецца гэта зрабіць таму, што няма падтрымкі. Быў выпадак, калі да мяне звярнуліся маладыя людзі, у якіх была ідэя прыбраць нейкую тэрыторыю ад смецця і пасадзіць там алею. Я патэлефанаваў у ЖКГ з просьбай дапамагчы ім. Дык камунальнікі яшчэ і дрэвы бясплатна далі. А потым добра спрацавала сарафаннае радыё: знайшлося шмат актывістаў, якія выказалі жаданне таксама паўдзельнічаць у добрай справе. Так што аб’ядноўваць моладзь – цудоўна. Бо калі ты адзін – табе цяжка, а калі з грамадою – усё даецца лёгка. Далучаць моладзь да добрых спраў, да каштоўнасцей беларускай дзяржавы – самае галоўнае ў нашай дзейнасці.

Цікавыя напрамкі дзейнасці БРСМ

Праект «Беларусь – крыніца натхнення»

Праект прадугледжвае рэалізацыю інавацыйных ідэй па захаванню і пры­мнажэнню навуковай, гістарычнай і творчай спадчыны. Напрыклад, зараз на Міншчыне вядзецца работа па ўключэнню ў турыстычныя маршруты замкаў, якія знаходзяцца ў Мядзельскім і Маладзечанскім раёнах. На жаль, да нашых дзён ад такіх збудаванняў захаваліся толькі рэшткі. Аднак гэта не падстава, каб забыць дадзеныя аб’екты. Таму, па-першае, вядзецца ўстаноўка шыльд каля былых замкаў. Па-другое, будуць адноўлены сцежкі, што вядуць да іх. Па-трэцяе, гэтыя аб’екты плануецца ўключыць у турыстычныя маршруты.

Яшчэ адзін важны напрамак у рамках праекта – папулярызацыя беларускай мовы. Маладыя людзі маюць магчымасць паўдзельні­чаць у конкурсах вершаў, эсэ, сачыненняў, розных квэстах і мерапрыемствах, якія вучаць любіць і шанаваць родную мову.

Валанцёрскі рух

Атрады «Добрае сэрца», створаныя актывістамі арганізацыі, вельмі папулярныя сярод моладзі. Валанцёры працуюць у розных напрамках: прыбіраюць тэрыторыю ад смецця, займаюцца навядзенням парадку каля помнікаў, дапамагаюць адзінокім пенсіянерам, інвалідам, а таксама клапоцяцца аб беспрытульных жывёлінах. Мо­ладзь займаецца зборам фінансавых сродкаў, розных рэчаў для дзіцячых дамоў і тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Яшчэ адін важны напрамак дзейнасці – атрады аховы правапарадку разам з міліцыяй і МНС удзельнічаюць у абходах дваровых тэрыторый (напрыклад, перад ацяпляльным сезонам) і дапамагаюць насельніцтву ў ліквідацыі розных няспраўнасцей.

Студатрадаўскі рух

Удзел у ім – своеасаблівая прафарыентацыя. У моладзі ёсць магчымасць не толькі падзарабіць грошай, але і паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі. А потым, у будучым, – пайсці на яе вучыцца. Акрамя таго, удзел у студатрадаўскім руху – гэта яшчэ і цікавы вольны час. Для навучэнцаў арганізуюцца экскурсійныя паездкі, розныя канцэрты і майстар-класы з людзьмі, якія дасягнулі вышынь у сваёй прафесіі. Дарэчы, сёлета на Міншчыне ў студатрадах працавалі амаль 4 тысячы чалавек.

Юлія БРОЖЫНА, Мінская праўда