Міжнародны маладзёжны лагер «Бе-Lа-Русь — 2017»

пройдзе 27—30 ліпеня

 

Badges

Яго ідэйным натхняльнікам вось ужо чвэрць стагоддзя выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, грамадскае аб’яднанне «Саюз за прагрэс моладзі Латвіі» і Расійскі саюз моладзі. Дэвіз гэтага летніка — «Насустрач Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў».

Па традыцыі, якая склалася ў апошняе дзесяцігоддзе, міжнародны маладзёжны палатачны гарадок размесціцца на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна ў Беларусі, на лясной паляне недалёка ад Кургана Дружбы, насыпанага ў 1959 годзе ў памяць аб баявой садружнасці партызан Беларусі, Расіі і Латвіі.

Удзельнікамі лагера стануць каля 600 чалавек — актыў маладзёжных арганізацый краін-удзельніц, ветэраны маладзёжнага руху і ганаровыя госці. Беларусь прадставіць дэлегацыя ў складзе 250 актывістаў БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны.

Чатырохдзённая праграма лагера ўключае адукацыйную праграму, займальныя спаборніцтвы, конкурсы і інтэлектуальныя гульні. Маладыя людзі будуць змагацца за чэмпіёнскія тытулы ў чэмпіянатах па футболе (мужчынскі і жаночы турніры), волейболе, у спаборніцтвах дартс і перацягванні каната.  Творчыя здольнасці і артыстызм давядзецца праявіць к конкурсах «Бе-La-Рускія зоры» і конкурсе бівуакаў «Разам сустракаем XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў».

Дарэчы, у кастрычніку бягучага беларуская маладзёжная дэлегацыя плануе ўзяць удзел у гэтым шырокамаштабным міжнародным маладзёжным форуме ў Расіі, таму конкурс бівуакаў — тэатралізаваная сустрэча гасцей і журы, экскурсія і прадстаўленне — стануць своеасаблівай творчай размінкай перад маючым адбыцца фэстам.

Акрамя таго ў лагеры «Бе-La-Русь» разгорнецца маштабная фотавыстаўка  «25 гадоў разам: лагер » Бе-La-Русь» вачыма …» А мерапрыемства «25 гадоў разам» праз творчыя прадстаўленні пагрузіць удзельнікаў лагера ў гісторыю, культуру і традыцыі кожнай краіны.

За чвэрць стагоддзя ў лагера з’явілася мноства традыцый, якія ўмацоўваюцца і множацца — гэта прысвячэнне пачаткоўцаў (ці «хрышчэнне»?!) дубовымі галінкамі, развітальныя «Агульны круг» і «Малы круг», «Трубка міру» і іншыя. Важнае месца ў праграме лагера адводзіцца мерапрыемствам патрыятычнай накіраванасці, якая ўключае мітынг памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, памятнае ўскладанне кветак да манумента камсамольцам Прошкаўскага  падполля на тэрыторыі Беларусі, партызанскай разведчцы Марыі Пынто — на тэрыторыі Расіі і іншыя.

Штогод функцыі прымаючага боку перадаюцца аднаму з заснавальнікаў Міжнароднага маладзёжнага лагера «Бе-La-Русь». У гэтым годзе эстафета галоўнага арганізатара перайшла да Расійскага саюза моладзі.

Пачынаючы з 1992 года, незабыўныя дні ў лагеры правялі тысячы маладых людзей з Беларусі, Латвіі, Расіі, а таксама прадстаўнікі моладзі з іншых краін. «Бе-Lа-Русы» апладысментамі сустракалі і праводзілі ганаровых гасцей лагера — народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна і Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», амерыканскага рок-спевака Ціма Стронга, групу «Манга-Манга» і іншых.

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда