На працу ў сад, ці Як на свежым паветры сяброўства мацнее

Які студэнт не мае патрэбы ў грошах? Правільна, той, хто ўмее іх зарабляць. Найлепшы час для падпрацоўкі — лета. Але ж хочацца яшчэ і нацешыцца цёплым сонейкам, а як гэта сумясціць? Аказваецца, проста. Мы правялі адзін дзень у сельскагаспадарчым студэнцкім атрадзе.

Сёлета да ўборачнай кампаніі ў Агракамбінаце «Ждановічы» далучыліся студэнты БДУ. Маладыя людзі працуюць на зборы яблыкаў і груш. Усяго ў атрадзе каля сарака чалавек. Працоўны дзень пачынаецца ў восем гадзін раніцы, але, па словах майго правадніка Валдыса Аляшкевічуса, студэнта трэцяга курса геаграфічнага факультэта, ранні пад’ём — не праблема, наадварот, гэта добрая загартоўка напярэдадні навучальнага семестра. З дыспетчарскай станцыі гарадскога пасёлка Азярцо, што ў некалькіх кіламетрах ад Мінска, службовы аўтобус забірае работнікаў і вязе іх на базу. Праз 15 хвілін транспарт заязджае ў двор — мы прыбылі ў сад «Яркава». Пасажыры пакідаюць транспарт і хуценька пераапранаюцца. Па дарозе даведваюся, што нам сёння пашанцавала, бо мы тут жа і застанёмся працаваць. За дваццаць кіламетраў ад вёскі Яркава ў аграгарадку Новы Двор знаходзіцца другі сад агракамбіната. Звычайна работнікаў адвозяць на базу, каб тыя пераапрануліся, а потым вязуць туды.

Нарэшце ўсе гатовыя, застаецца чакаць распараджэнняў адказнага за студатрад агранома. Той камандуе ўзяць пладовыя сумкі, пальчаткі, распісацца за тэхніку бяспекі і рухацца за ім. І тут перад вачыма адкрываецца маляўнічы пейзаж — доўгія шэрагі дрэў, абвешаныя спелымі яблыкамі, нібы каштоўнымі камнямі. Неверагодная прыгажосць!

— Здымаць яблыкі трэба ўмець, — тлумачыць Яўген Жураўлёў, спецыяліст па ягадных культурах агракамбіната «Ждановічы». — Напрыклад, возьмем амерыканскі гатунак «Голд Міленіум». Калі на плод моцна націснуць, застаецца пляма — на продаж такі ўжо не пойдзе. Нельга з сілай цягнуць на сябе галінку, трэсці, таму што пасыплюцца плады зверху. Тое, што ўпала на зямлю, сартуецца ў асобную скрыню, яе змесціва пойдзе на кампоты і пюрэ. Калі яблык вісіць на дрэве ўжо чарвівы, з гніллю, — зрываем і кладзём туды ж. Правільна здымаць яблык трэба круцячым рухам, акуратна, без грубых націсканняў. У дзень атрад збірае 4—5 тон пладоў. Але гэта яшчэ не сезон — у верасні пачнецца самая праца.

Праз дзве з паловай гадзіны было нагружана дзевяць драўляных скрынь, кожная ўмясціла 350 кілаграмаў яблыкаў. Пакуль плады адвозіліся ў сховішча, хлопцы і дзяўчаты размясціліся на траве і ладзілі гульні. Але ўбачыўшы, што набліжаецца трактар з пустым прычэпам, тут жа зноў узяліся за справу.

— Я даўно ўжо хацеў недзе падпрацаваць, але то вучоба замінала, то асабістыя справы. Набліжалася лета, і я вырашыў сур’ёзна падысці да гэтага пытання. Звярнуўся ў БРСМ, там мне прапанавалі на выбар сервісны, будаўнічы або сельскагаспадарчы атрад. Апошні мне падаўся найбольш прывабным. Па-першае, гэта свежае паветра, цяпер я лепш сплю, не баляць вочы ад камп’ютара. Па другое, гэта магчымасць падтрымаць фізічную форму. Поўная пладовая сумка важыць кілаграмаў пяць, вось пацягаеш яе дзень на сабе, панагінаешся туды-сюды, дык і прэс з’явіцца. Ну і, вядома, вітаміны, яблыкаў пяць-шэсць за дзень з’ясі, — дзеліцца Ігар Мордас, студэнт трэцяга курса механіка-матэматычнага факультэта.

Неўзабаве да гутаркі далучаецца Марына Ануфрыева, студэнтка чацвёртага курса геаграфічнага факультэта:

— А вось як па мне, дык цягаць такія цяжкія сумкі — не дзявочая справа. У канцы дня спіну ломіць… Што казаць, умовы ў нас тут самыя што ні на ёсць палявыя. У гэтым садзе яшчэ добра, што прыбіральня прадугледжана, а ў Новым Двары і таго няма.

Анастасія Гурына, студэнтка трэцяга курса біялагічнага факультэта падказвае, што не апошнюю ролю ў матываванасці студэнтаў адыгрывае магчымасць пасля працы атрымаць месца ў інтэрнаце. Са слоў дзяўчыны, разлічваць на гэта могуць не ўсе, а толькі камандзіры і камісары груп. Атрад умоўна падзелены на невялічкія групы па 6-8 чалавек, у кожнай з іх універсітэцкі аддзел БРСМ прызначае двух лідараў, якія акрамя агульнай працы павінны сачыць за парадкам. Усяго ў атрадзе 12 чалавек маюць такі прывілей.

…Надышоў час абеду. Усе ўжо паспелі стаміцца, прагаладацца, і камандзір дае адмашку на заслужаны адпачынак. Хлопцы і дзяўчаты ўладкоўваюцца хто дзе, раскладваюць прывезеную з дому ежу. Паветра напаўняецца пахучымі водарамі. Я тым часам накіроўваюся да Аляксандра Балдзісава, начальніка цэха садаводства агракамбіната «Ждановічы», каб даведацца пра заробкі моладзі.

— Мы не вядзём асобны табель выніковасці па кожным студэнце. Яны ўсе працуюць на агульны вынік. У канцы працоўнага дня запісваем адну лічбу, якая паказвае, колькі пладоў сабраў атрад, а потым ужо дзелім на колькасць задзейнічаных у ім чалавек. Замест канкурэнцыі — таварыства, такі наш падыход. За дзень кожны зарабляе каля 20 рублёў. Выхадныя дні аплачваюцца ўдвая. Яны не абавязаны выходзіць на працу кожны дзень, але пакуль жнівень, вучобы няма, дык стараюцца наведвацца як мага часцей. Далей, напэўна, будуць прыязджаць толькі па выхадных днях. Наогул, я ўжо і не прыгадаю, калі студэнты вось так добраахвотна ішлі да нас на працу. Летась у межах практыкі працавалі студэнты аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і навучэнцы Навапольскага аграрна-тэхнічнага каледжа, але ж гэта прымусова, ім трэба было сесію «закрыць». А тут самі падахвоціліся, працуюць добра, можа, не так хутка, як хацелася б, але затое акуратна.

Працоўны дзень заканчваецца у 16.00. Моладзь зноў пераапранаецца, здае інвентар, а кіраўніцтва агучвае вынік працы. Стомленыя, але задаволеныя, што дзень прайшоў нездарма, студэнты вяртаюцца дадому. Заўтра зноў на працу — і так да 1 кастрычніка. Але яны не скардзяцца, а па дарозе плануюць сумесны пікнік…

Алена Якавенка