Андрэй БЕЛЯКОЎ: «Патрыятызм — не захапленне знешнімі рэчамі»

За ім павінна стаяць глыбокае веданне гісторыі, традыцый і культуры свайго народа.

DSC_3816оррУ савецкія часы мы, старэйшае пакаленне «Чырвонкі», з маленства адчувалі сябе патрыётамі. Шчыра ганарыліся чырвоным піянерскім гальштукам і з азартам гулялі ў «Зарніцу» і «Арляня». Імкнуліся заслужыць права першымі ўступіць у камсамол. Але, апроч ідэалагічнага складніка, як цяпер гавораць, у тагачасных падлеткаў была і простая чалавечая неабыякавасць да таго, што адбывалася ў свеце. Мы збіралі ў школе пасылкі для равеснікаў з Нікарагуа. Вельмі перажывалі за тых, хто перажыў у Арменіі землятрасенне. Потым з хваляваннем назіралі за вывадам савецкіх войскаў з Афганістана… Пра патрыятычныя каштоўнасці ў жыццёвых прыярытэтах сучаснай моладзі мы гутарым з першым сакратаром ЦК БРСМ Андрэем БЕЛЯКОВЫМ.

— Андрэй Эдуардавіч, даўно няма вялікай краіны, для грамадзян якой інтэрнацыяналізм не быў пустым гукам. Як вы думаеце, сучаснае маладое пакаленне гэтак жа гатова спачуваць чужому гору і прыйсці, калі спатрэбіцца, на дапамогу?

— Мяркую, што параўнанне пакаленняў — проста непазбежнае ва ўсе часы. Таму нельга крыўдзіцца, а трэба справамі даказваць, што моладзь здольная вырашаць самыя сур’ёзныя задачы. Вы пытаецеся пра вельмі важныя маральныя якасці. Ці ўласцівыя яны маладому пакаленню? Безумоўна, прывяду толькі адзін прыклад: наш валанцёрскі рух «Добрае сэрца» аб’ядноўвае па ўсёй краіне больш як 30 тысяч юнакоў і дзяўчат. Поле іх дзейнасці — дапамога ветэранам, адзінокім немаладым людзям, работа з дзецьмі-сіротамі, дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, падтрымка людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама маюць патрэбу ў дарагіх аперацыях. Візітнай карткай валанцёрскага руху стаў дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе» і Дні дабра. У Год моладзі, напрыклад, падчас правядзення дабрачынных марафонаў валанцёры сабралі і пералічылі адрасную дапамогу тым, хто меў у ёй патрэбу, на суму больш як 185 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адзін накірунак валанцёрскай дзейнасці — праект «Аднаўленне святынь Беларусі». За тры гады добраўпарадкавана больш як 530 аб’ектаў.

— БРСМ часта параўноўваюць з камсамолам. Для прадстаўнікоў гэтай арганізацыі былі вельмі важныя таварыскасць, узаемная падтрымка, якія, дарэчы, і па сённяшні дзень аб’ядноўваюць камсамольцаў усіх часоў…

— Камсамол быў вельмі добрай школай жыцця, якая фарміравала асобу і прафесіянала. Моцным бокам гэтай маладзёжнай арганізацыі я лічу сістэму падрыхтоўкі і выяўлення кадраў, выразную структуру і строгую дысцыпліну. Гэта была выдатная школа лідараў. І мы лічым сябе спадчыннікамі лепшых традыцый камсамола. Адзін з камсамольскіх брэндаў — студатрадаўскі рух — нам удалося адрадзіць пры дапамозе дзяржавы. Студатрады — унікальная з’ява для замежных краін, дзе практыкуюцца зусім іншыя падыходы да працоўнага выхавання, там, дзе, у першую чаргу, развіты індывідуалізм. А студатрад — гэта грамадскае плюс асабістае. Я, але ўнутры калектыву. Што хаваць: моладзь сёння хоча зарабляць, новае пакаленне дастаткова прагматычнае, але студатрад — гэта, найперш, калектывісцкія каштоўнасці. І яны знаходзяць водгук у сучасных маладых людзей. У многія студатрады нават утвараецца конкурс. Сёння ў цэнтры нашай увагі знаходзіцца ідэалогія студатрадаўскага руху, таму што нам бы не хацелася, каб студатрад быў проста месцам, дзе зарабляюць грошы. Мы імкнёмся выхаваць у маладых людзей камандны дух. Тут значэнне мае ўсё, у тым ліку і атрыбутыка студатрадаўскага руху (пераходны сцяг, які атрымлівае лепшы студатрад па выніках трэцяга працоўнага семестра, курткі байцоў, шаўроны, песні), вызначэнне на дзяржаўным узроўні аб’ектаў, якія абвяшчаюцца рэспубліканскай, гарадской ці абласной маладзёжнай будоўляй. Вельмі важная роля адводзіцца лідарам — камандзірам і камісарам атрадаў. Многае залежыць ад іх здольнасці кіраваць калектывам, вырашаць агульныя праблемы… Упэўнены, што да гэтай работы трэба рыхтаваць маладых людзей мэтанакіравана.

— А якое месца ў сістэме жыццёвых арыенціраў сучаснай моладзі займаюць патрыятычныя каштоўнасці? Ці праводзіла ваша сацыялагічная лабараторыя даследаванні на гэту тэму?

— Лабараторыя «замярала» ў інтэрнэце ўзровень грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі. Юнакам і дзяўчатам задалі пытанне: «Што такое патрыятызм у вашым разуменні?» І вось як размеркаваліся адказы нашых рэспандэнтаў: «Любоў да Радзімы, роднага горада, вёскі, дому» — так адказалі 40%. «Павага да сваёй Радзімы, гонар за сваю краіну» — 34%. «Любоў да нацыянальнай культуры» — 12%, «Любоў да сваёй сям’і і блізкіх» — 6%. «Імкненне да бяспечнага свету і сацыяльнай справядлівасці» — 5%. А 3% апытаных лічаць, што «ва ўмовах глабалізацыі патрыятызм губляе сваё значэнне».

Калі ўжо параўноўваць савецкія часы з сённяшнім днём, то ў сучаснай моладзі шмат інфармацыі. Калісьці праўдзівай інфармацыі было мала, затое было шмат міфаў. А сёння маладыя людзі маюць магчымасць вандраваць па свеце, выязджаць за мяжу на вучобу, стажыроўкі, што дазваляе паглядзець на нашу краіну збоку і аб’ектыўна ацаніць тое, што мы маем. Маладое пакаленне нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, і яно ведае пра вайну толькі са слоў сваіх прадзедаў. Стабільнасць у краіне мы ўсе ўспрымалі да апошняга часу як нешта належнае. Але свет вакол хутка змяняецца — ваенныя канфлікты ўспыхваюць паўсюдна. І раптам прыйшло разуменне, што мір — вельмі крохкая каштоўнасць, якая можа рассыпацца, як хрустальны кубак, у адно імгненне.

— У год 70-гадовага юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў дадзены старт праекту «Кветкі Вялікай Перамогі». Раскажыце пра ваш новы праект «Музей-бус «Кветкі Вялікай Перамогі»…

— Гэта сумесная ініцыятыва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, скіраваная на патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне пераемнасці пакаленняў, клопат пра ветэранаў і фарміраванне ў падрастаючага пакалення актыўнай жыццёвай пазіцыі. Але вельмі хутка ідэя трансфармавалася. Перасоўная экспазіцыя музея была падзелена на дзве тэматычныя залы — Беларусь мірную і Беларусь ваенную. У першай зале — экспанаты, звязаныя з культурай, традыцыямі і самабытнасцю беларускага народа. А ў другой — нямыя сведкі падзей мінулай вайны: экспанаты, якія гавораць пра гераізм беларускага народа і гісторыю вызвалення нашай краіны. Мы зрабілі стаўку на інтэрактыўнасць, калі кожны ахвотны можа «дакрануцца да гісторыі», прымерыць, сфатаграфавацца з упадабаным артэфактам, прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных і сучасных народных рамёствах, арганізаваных на пляцоўцы каля стаянкі «Музей-буса».

У маі-чэрвені перасоўная выстава «Музей-бус» праехала па ўсіх абласных цэнтрах, а таксама прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах у сталіцы, прысвечаных Дню Незалежнасці. Па маршруце руху незвычайнага музея арганізоўваліся экскурсіі і фотавыставы на тэму вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праходзіў «Дыялог пакаленняў». Да таго ж у многіх рэгіёнах, якія наведаў «Музей-бус», яго экспазіцыя папаўнялася мясцовымі экспанатамі часоў Вялікай Айчыннай вайны. На працягу ўсяго падарожжа мы чулі словы ўдзячнасці ад наведвальнікаў. Яны дарагога каштуюць. Людзі прыходзілі цэлымі сем’ямі, цікавіліся гісторыяй краіны, задумваліся і пачыналі вывучаць гісторыю сваёй сям’і, свайго роду. Значыць, праект быў задуманы нездарма, вынік ёсць.

Прызнаюся, мы вельмі рады таму факту, што сімвал свята Перамогі, які прапанаваў Саюз моладзі, — кветка яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай, прыжыўся ў нашым грамадстве. Яблыневая квецень увасабляе сабой непарыўную сувязь пакаленняў і шчырую ўдзячнасць воінам, што падарылі сваім нашчадкам магчымасць радавацца квітнеючым садам, якія сталі сімвалам новых мірных перамог суверэннай Беларусі. Мэта Саюза моладзі — аб’ядноўваць, знаходзіць кропкі для кансалідацыі грамадства. Таму мы рухаемся менавіта ў гэтым накірунку.

— У нашай краіне вельмі шмат робіцца для захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, але ж патрыятычнае выхаванне не зусім правільна зводзіць толькі да ваенна-патрыятычнага. Патрыятызм уключае ў сябе яшчэ і вывучэнне нацыянальнай культуры, літаратуры, гісторыі…

— У Год культуры стартаваў наш новы сумесны з Саюзам пісьменнікаў Беларусі рэспубліканскі патрыятычны праект «Кніга.BY», скіраваны на фарміраванне ў моладзі патрэбы ў чытанні, у духоўным і інтэлектуальным росце. Праект рэалізуецца, перш за ўсё, у форме папулярнага ва ўсім свеце флэш-мобу «Буккросінг» і скіраваны на далучэнне моладзі да чытання кніг беларускіх аўтараў на роднай мове, на вывучэнне гісторыі суверэннай Беларусі. У месцах вялікай канцэнтрацыі моладзі ўстанаўліваюцца кніжныя паліцы буккросінгу, і любы ахвотны можа ўзяць у карыстанне кнігу, на якой змешчаны лагатып праекта і маецца ўкладыш з апісаннем алгарытму дзеянняў і ўнікальным ідэнтыфікацыйным нумарам. Таксама для моладзі арганізуюцца майстар-класы, семінары, тэматычныя «круглыя сталы», літаратурныя дыскусіі, сустрэчы з выдатнымі дзеячамі культуры, выступленні беларускіх пісьменнікаў.

Напярэдадні Дня Незалежнасці ў сталіцы прайшоў Дзень вышыванкі, адным з ініцыятараў і арганізатарам якога стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Мы проста не маглі не заўважыць магутную хвалю інтарэсу з боку моладзі да адзення з традыцыйнай вышыўкай. У нашы дні такое адзенне не толькі не страціла сваю актуальнасць, а стала нават своеасаблівай моднай «фішкай». Разам з тым вышыты нацыянальны арнамент — гэта не проста ўпрыгажэнне, стыльны аксесуар, а своеасаблівы шыфр, перададзены нам праз стагоддзі продкамі. Кожны ўзор у арнаменце — сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. І хацелася, каб гэта ўсе разумелі, каб не было выключна вонкавага захаплення модным адзеннем, якое сёння актыўна прасоўваецца шматлікімі вытворцамі. Дарэчы, сярод іх ёсць і фіналіст нашага праекта «100 ідэй для Беларусі» — дызайн-цэнтр вышыўкі «Faіny.by». Каманда студэнтаў і выпуснікоў БНТУ стварае прыгожыя рэчы з беларускім арнаментам, напоўненым сэнсам. Хацелася б, каб усе зразумелі сакральны сэнс, зразумелі сваю сувязь з продкамі.

Я ўпэўнены, што за захапленнем знешнімі рэчамі, сімвалізмам, абавязкова павінна стаяць глыбокае веданне гісторыі сваёй краіны, культуры, а таксама мовы. Але я супраць таго, каб беларуская мова стала пляцоўкай для канфрантацыі. Падчас адкрытых дэбатаў, якія ладзіць БРСМ, прагучала наступнае пытанне: «Калі большая частка моладзі размаўляе на рускай мове, ці азначае гэта, што маладыя людзі не ідэнтыфікуюць сябе як беларусы?» Прыводзіліся звесткі сацыялагічнага апытання, падчас якога больш за 80 працэнтаў рэспандэнтаў адназначна заявілі, што яны беларусы. Таму мы лічым: трэба і далей развіваць праекты, звязаныя з гісторыяй, культурай і традыцыямі беларусаў, з папулярызацыяй мовы як важнага складніка самаідэнтыфікацыі народа. Але нельга нічога і нікому навязваць. Нашы дзеянні павінны быць далікатнымі і аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць людзей.

— Саюз моладзі прымае актыўны ўдзел ва ўсіх выбарчых кампаніях. Наперадзе — выбары ў парламент. Як вы лічыце, ці прыйдзе моладзь восенню на выбарчыя ўчасткі?

— Мяркую, што многае будзе залежаць ад кандыдатаў — гэта павінны быць актыўныя людзі, якія змогуць завалодаць увагай моладзі. Яўка на выбарах напрамую будзе залежаць ад таго, наколькі актыўнай акажацца агітацыйная кампанія. Моладзь ва ўсім свеце — самая апалітычная частка грамадства, пры гэтым даволі актыўная і крэатыўная. Таму вельмі важна, каб яе энергію не выкарыстоўвалі ў дэструктыўных мэтах.

Самае важнае, чаму вучыць моладзь удзел у выбарчай кампаніі, — гэта адказнасць. Маладыя людзі павінны разумець адказнасць не толькі за свой лёс, але і за лёс сваёй краіны. Яны не павінны быць інфантыльнымі, у іх павінен быць стрыжань. Мы павінны прыкладаць усе намаганні, каб малады чалавек усвядоміў, што выключна росквіт краіны — залог дабрабыту кожнага беларуса. Што людзі, якіх мы сёння выбіраем у парламент, будуць заўтра прымаць законы, ад якіх напрамую залежыць наша жыццё. Безумоўна, нам бы хацелася, каб у парламенце былі прадстаўлены і члены нашай арганізацыі. Іх мы адназначна будзем падтрымліваць.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Надзеі БУЖАН, Сяргея НІКАНОВІЧА і з архіва БРСМ