Эмоцыі ад удзелу ў руху — толькі

станоўчыя!

nev6494

Сацыялагічнае апытанне сярод удзельнікаў валанцёрскага руху «Добрае Сэрца», праведзенае ў канцы мінулага года Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў пры ЦК БРСМ, паказала, што ўдзел у ім прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі (гэта засведчылі 95 працэнтаў з 460 рэспандэнтаў).

На думку ўдзельнікаў апытання, найбольш важная якасць для валанцёра — гэта камунікабельнасць (80 працэнтаў рэспандэнтаў). Таксама ў тройку неабходных якасцяў увайшлі самааддача (70 працэнтаў) і чуллівасць (60 працэнтаў). Больш за 60 працэнтаў рэспандэнтаў прыйшлі ў валанцёрскі рух БРСМ, ужо маючы вопыт падобнай дзейнасці. Сярод матываў далучыцца да «Добрага Сэрца» апытаныя назвалі «пачуццё спагады» (52 працэнты), «імкненне атрымаць новы погляд на людзей, жыццё, работу» (51 працэнт), «пашырэнне кола стасункаў» (40 працэнтаў), «жаданне папрацаваць бясплатна» (20 працэнтаў).

У большасці выпадкаў (84 працэнты) рэспандэнты прымалі ўдзел у сацыяльным кірунку валанцёрскага руху (работа з цяжка хворымі дзецьмі, ветэранамі, тымі, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю і г. д.). Цікава, што найбольш складаным кірункам 81 працэнт апытаных лічаць якраз яго, што не перашкаджае ім у найбольшай ступені прымаць удзел менавіта ў такіх сацыяльна скіраваных мерапрыемствах.

Рэспандэнты адзначылі, што вопыт валанцёрскай дзейнасці станоўча ўплывае на іх жыццё (80 працэнтаў). Гэта праяўляецца ў памяркоўнасці, дабрыні, чуласці ў адносінах да іншых людзей, упэўненасці ў сабе, паляпшэнні навыкаў стасункаў. Немалаважна, што больш за 94 працэнты апытаных плануюць працягнуць сваю дзейнасць у рамках валанцёрскага руху «Добрае Сэрца».

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда