У НАК пройдзе «Адкрыты дыялог» на тэму

«Валанцёр — душа спорту?!»

13 красавіка  у зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь адбудзецца “Адкрыты дыялог” на тэму “Валанцёр — душа спорту?!”, прымеркаваны да падрыхтоўкі беларускай валанцёрскай каманды для працы на II Еўрапейскіх гульнях 2019 года ў Беларусі.

Спартыўныя валанцёры — памочнікі шырокамаштабных спартыўных мерапрыемстваў у Беларусі — выконваюць адказную місію: аказваюць дапамогу спартсменам, спартыўным суддзям, афіцыйным асобам, працуюць з гледачамі, з прэсай, і, што, немалаважна, робяць свой асаблівы ўнёсак у гасціннасць нашай краіны. Свой уклад у агульную скарбонку спартыўных добрых спраў ўносяць і валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца».

Нагадаем, права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе Рэспубліка Беларусь атрымала на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у кастрычніку 2016 года.

Арганізацыя мерапрыемстваў падобнага ўзроўню патрабуе не толькі мабілізацыі рэсурсаў краіны-арганізатара, але і ў першую чаргу чалавечых рэсурсаў.

Валанцёры — людзі, закліканыя стварыць атмасферу і настрой гульняў. Актыўная жыццёвая пазіцыя, добраахвотнае абавязацельства, альтруізм, камунікабельнасць, стрэсаўстойлівасць, уменне працаваць у камандзе і прэзентаваць сваю краіну… Якімі якасцямі павінны валодаць спартыўныя валанцёры? Пра гэта і не толькі — у “Адкрытым дыялогу”.

У дыскусіі прымуць удзел больш за сто чалавек — прадстаўнікоў валанцёрскага руху БРСМ «Добрае Сэрца” з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку валанцёры, якія прымалі ўдзел у чэмпіянатах свету і Еўропы, якія праходзілі ў Беларусі (2014 — 2016 гг), зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы і інш.

Плануецца, што ў якасці экспертаў актуальнай дыскусіі выступяць: першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, міністр адукацыі Ігар Карпенка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Белякоў, шэф місіі беларускай дэлегацыі ў Баку, алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Даўгалёнак і іншыя знакамітыя спартсмены.

Па традыцыі праекта “Адкрытых дыялогаў” асноўны тон любой дыскусіі задае галоўны спікер. Гэтую ролю выканае супервайзер па маркетынгу еўрапейскай Федэрацыі гандбола Максім Кошкалда.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда