Моладзь з абмежаванымі магчымасцямі

паказала свае творчыя здольнасці

У Дзятлаве прайшоў ІХ фестываль наведвальнікаў тэрытарыяльных аддзяленняў дзённага знаходжання «Калі мы разам — мы мацнейшыя».

З кожным годам фестываль становіцца больш маштабны. Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш за трыста чалавек з усіх рэгіёнаў Гродзеншчыны і выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Мерапрыемства 2017 года прайшло ў новым фармаце «Еўрабачання». Кожны калектыў, а іх налічвалася больш за 20, паказаў творчасць той ці іншай краіны свету. Дзякуючы ўдзельнікам фестывалю гледачы пазнаёміліся з культурай, звычаямі, песнямі і танцамі не толькі еўрапейскіх краін, але і іншых кантынентаў. Напрыклад, ЗША, Венесуэлы, Афрыкі. Так, індыйскае вяселле з песнямі прадэманстравалі ўдзельнікі з Навагрудскага раёна, «бразільскі» карнавал — шчучынскія артысты. Са сцэны гучалі песні на розных мовах. Беларусь на імправізаваным «Еўрабачанні» прадставілі гаспадары фестывалю — наведвальнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны выканалі танец пад песню «Жураўлі на Палессе ляцяць». Разам з маладымі інвалідамі на сцэну выходзілі выхаванцы дзіцячых садкоў.

— Мы ўпершыню зрабілі такі інклюзіўны нумар, — паведаміла дырэктар Дзятлаўскага цэнтра Таццяна Нікіпорчык, — лічу, што сумесная дзейнасць дапаможа адаптацыі інвалідаў, асабліва ў маладзёжным асяроддзі.

Арганізатары зазначылі, што для ўдзельнікаў гэты фестываль вельмі важны. Яны рыхтуюцца да яго цэлы год — шыюць касцюмы, вучаць песні і танцы. Таму сёлетні фестываль быў надзвычай яскравы, дапамагалі не толькі дзяржаўныя структуры і арганізацыі, але і спонсары. Да мерапрыемства падключыліся і буйныя прадпрыемствы вобласці, гандлёвыя сеткі. Для ўсіх удзельнікаў было падрыхтавана па 7—8 падарункаў. Суправаджалі фестываль валанцёры БРСМ і Чырвонага Крыжа.

Трэба адзначыць, што ўдзельнікі падрыхтавалі не толькі канцэртныя нумары, але і зрабілі лялькі розных нацыянальнасцяў у адпаведных уборах. Лялечная выстава дэманстравалася падчас фестывалю.

— Усяго на Гродзеншчыне тэрытарыяльныя аддзяленні дзённага знаходжання наведваюць 670 чалавек, у вобласці функцыянуюць 170 працоўных майстэрняў і клубаў, — зазначыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Анатоль Зімнавода. — Напрыклад, такія прыгожыя лялькі, якія прадстаўлены на выставе творчасці, можа зрабіць далёка не кожны майстар.

Кожная каманда атрымала дыпломы ўдзельнікаў ІХ абласнога фестывалю маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па словах Таццяны Нікіпорчык, многія наведвальнікі выказвалі падзяку за гэта мерапрыемства, бо пачыналі па-новаму ўспрымаць жыццё. Да гэтага іх падштурхнуў пазітыўны настрой маладых інвалідаў. Яны не толькі выконвалі свае нумары з добрымі ўсмешкамі, але і гатовы былі падзяліцца сваім настроем з усімі прысутнымі.

Наступны, Х фестываль «Калі мы разам — мы мацнейшыя» збярэ ўдзельнікаў у будучым годзе ў Гродне. Свята будзе ладзіць Ленінскі раён абласнога цэнтра.

Маргарыта УШКЕВІЧ, Звязда

Фота Ірыны Стырнік