Знешнасць кар’еры не перашкода, або Ці можна знайсці работу па аб’явах?

Самымі распаўсюджанымі матывамі, якімі моладзь кіруецца пры выбары той ці іншай спецыяльнасці, з’яўляюцца эмацыянальная сувязь з прафесіяй (тое, да чаго ляжыць душа — 47%) і пазнавальны інтарэс у адносінах да пэўнай галіны ведаў (35%). Далей ідуць запатрабаванасць спецыяльнасці на рынку працы ў сваёй краіне (20%), яе запатрабаванасць ва ўсім свеце (15%), лёгкасць навучання (13%) і высокая аплата працы спецыялістаў у гэтай галіне (10%). 8% рэспандэнтаў выбралі сваю спецыяльнасць, таму што яна была даступная для атрымання па месцы іх жыхарства, каля 9% прызналіся, што выбіралі, не задумваючыся, кіруючыся жаданнем проста атрымаць «якую-небудзь» вышэйшую адукацыю, а 7% апытаных вырашылі працягнуць прафесійную дынастыю. Сацыялагічнае даследаванне, прысвечанае праблемам і перспектывам працаўладкавання моладзі, правяла Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў ЦК БРСМ. У ім было задзейнічана 1900 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, якія прадстаўлялі чатыры сацыяльна-дэмаграфічныя групы: гэта былі школьнікі працаздольнага ўзросту, студэнты, выпускнікі і працуючая моладзь.

Як высветлілася, бацькі і сваякі дапамагалі рэспандэнтам вызначыцца з прафесіяй, але канчатковае рашэнне прымалі ўсё ж такі самі апытаныя (60%). Каля 30% рэспандэнтаў выбіралі сваю прафесію цалкам самастойна, не звяртаючыся па дапамогу ці па парады да бацькоў. Але за 8% апытаных прафесійны выбар зрабілі бацькі.

Большасць студэнтаў, якія вучацца ў цяперашні момант (70%), упэўнены, што змогуць знайсці работу па спецыяльнасці ў сваёй краіне. Пры тым 35% мяркуюць, што гэта атрымаецца, паколькі іх спецыяльнасць запатрабаваная, 32% лічаць, што валодаюць дастатковымі навыкамі ў сваёй галіне ведаў, каб паспяхова канкурыраваць на рынку працы, 31% разлічваюць на свае сілы і вераць у поспех, і 25% упэўненыя ў паспяховым працаўладкаванні, паколькі ўжо маюць досвед працы па сваёй спецыяльнасці.

Сярод усіх апытаных працуюць у цяперашні час 45% рэспандэнтаў. Для 40% з іх працоўнае месца, якое яны займаюць, з’яўляецца першым, для 29% — другім. 25% рэспандэнтаў змянілі два-тры месцы працы, і каля 2% рэспандэнтаў паспелі змяніць ужо больш як шэсць месцаў працы.

Па крытэрыях ацэнкі свайго цяперашняга месца працы менш за ўсё моладзь задаволена магчымасцямі атрымання зніжак і бясплатнага навучання па месцы працы (34%), магчымасцю прасоўвання па кар’ернай лесвіцы (20%) і ўзроўнем прэстыжу сваёй прафесіі (14%). Адносінамі ў калектыве задаволеныя 60% апытаных, адносінамі з кіраўніцтвам — 65% і зручнасцю размяшчэння офіса — 56%.

Каля 31% працуючых рэспандэнтаў знайшлі месца працы за некалькі дзён, амаль для такой жа колькасці спатрэбіўся месяц, 20% апытаных шукалі яго каля 2—3 месяцаў, а 11% — каля паўгода.

Сярод апытанай працоўнай моладзі 38% хацелі б змяніць сваё цяперашняе месца працы, а 49% не хацелі б яго змяняць (астатнія не змаглі даць упэўнены адказ)

Палова працуючых рэспандэнтаў (50%) працуюць па сваёй спецыяльнасці, 27% — не па сваёй спецыяльнасці, але ў той жа прафесійнай галіне, 23% працуюць у сферы, цалкам адрознай ад сваёй адукацыі. Самымі частымі прычынамі, чаму яны працуюць не па спецыяльнасці, рэспандэнты называюць адсутнасць вопыту работы па спецыяльнасці, які патрабуюць наймальнікі (33%), нізкую аплату працы ў гэтай галіне (29%), адсутнасць вакансіі (19%) і нежаданне працаваць па сваёй спецыяльнасці (15%).

Крыху менш за палову працуючых рэспандэнтаў знайшлі сваё месца працы па парадах знаёмых (49%). Самастойна выйшлі на работадаўца, або наймальнік сам прапанаваў працу, 30% рэспандэнтаў Каля 22% знайшлі месца працы, дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам для пошуку працы. Найменш запатрабаванымі сродкамі пошуку работы сярод моладзі з’яўляюцца кадравыя агенцтвы, аб’явы ў друкаваных СМІ і рэклама ў грамадскіх месцах.

Найбольш важнымі характарыстыкамі работы для ўдзельнікаў апытання з’яўляюцца ўзровень заработнай платы (9 з 10 балаў), сяброўскі калектыў (8 з 10 балаў), магчымасць для самарэалізацыі (7 балаў) і магчымасць кар’ернага росту (7 балаў).

Паспяховае працаўладкаванне, на думку апытаных рэспандэнтаў, залежыць ад шэрагу крытэрыяў, найбольш значнымі сярод якіх з’яўляюцца досвед работы (57%), якасная адукацыя (54%), схільнасць да прафесійнай галіны, талент (45%), сувязі ў прафесійных колах (35%), харызма і знешняя прывабнасць (30%).

Удзельнікі апытання лічаць, што ў большай ступені на поспех чалавека ў жыцці ўплывае ўменне кантактаваць з людзьмі (60%), узровень адукацыі (51%), прыроджаныя фізічныя і псіхічныя якасці (48%), талент, адоранасць (44%), сіла волі (44%). У меншай ступені на поспех чалавека ў жыцці ўплывае месца яго нараджэння (11%) і знешнасць (20%).

Нагадаем, што Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў кожны тыдзень па серадах праводзіць прома-акцыю па інфармаванні маладых людзей аб магчымасцях працаўладкавання ў перыяд трэцяга працоўнага семестра «Выбіраем студатрад», які ў гэтым годзе праходзіць пад слоганам «Праца — гэта крута!»

Акрамя таго, з просьбай аб аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні можна звяртацца і на «гарачыя лініі», якія створаны пры тэрытарыяльных камітэтах БРСМ для аказання дапамогі ў працаўладкаванні маладым людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда

Фота Надзеі БУЖАН

Тэлефоны «гарачых ліній»: у Брэсце — 8 (0162) 21 14 47, Віцебску — 8 (0212) 42 68 87, Гомелі — 8 (0232) 57 14 00, Гродне — 8 (0152) 77 02 50, Мінскай вобласці — 8 ( 017) 289 15 28, Магілёве — 8 (0222) 76 67 14, Мінску — 8 (017) 284 85 54.