Лідар БРСМ возьме ўдзел у дабрачыннай акцыі

“У школу з Добрым Сэрцам”

30 жніўня эстафету “Тыдня Дабра” дабрачыннай акцыі БРСМ “У школу з Добрым Сэрцам” прымае Магілёў.

Напярэдадні новага навучальнага года ў валанцёрскай акцыі традыцыйна бярэ ўдзел першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк. У гэты раз на сваёй малой радзіме сумесна з валанцёрамі руху “Добрае Сэрца» Магілёўскай гарадской арганізацыі БРСМ ён павіншуе юных землякоў з надыходзячым Днём ведаў.

Наборы з неабходнымі прыладамі да навучальнага года будуць уручаны школьнікам са шматдзетнай сям’і Шурпіных — Сяргею, Дзіму і Наташы, вучням 5, 7 і 9 класа СШ № 40, якую, дарэчы, у свой час скончыў лідар БРСМ.

Не застанецца без увагі і самы маленькі член сям’і — двухмесячны Ягорка. Для яго падарункам стане адзенне з элементамі нацыянальнага арнаменту.

У цэнтры клопату ў гэты дзень будуць і выхаванцы Магілёўскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Для іх падрыхтаваны не толькі падарункі да школы, але і забаўляльная праграма і работа творчай мастацкай майстэрні. Правесці размінку перад школай і вырашыць некалькі задач адначасова — паразважаць, абдумаць стратэгію, пралічыць хады дапамогуць настольныя гульні, у якія хлопцы і дзяўчаты пагуляюць разам з валанцёрамі.

Нагадаем, мерапрыемствы рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ “У школу з Добрым Сэрцам” працягнуцца ў Беларусі па 10 верасня. Яе задача — аказаць адрасную сацыяльную падтрымку сем’ям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і перажываюць цяжкасці, а таксама дзiцячым iнтэрнатным установам пры падрыхтоўцы дзяцей-школьнікаў да новага навучальнага года.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда