Як байцы з трох краін узводзяць новую

спартыўную арэну

Сярод усіх маладзёжных будоўляў гэтага лета мінская гарадская — асаблівая. Па-першае, атрад, які тут працуе, — міжнародны, у яго склад уваходзяць хлопцы з трох краін: Беларусі, Расіі і Украіны. А, па-другое, усе яны з’яўляюцца актывістамі маладзёжных арганізацый. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» пабывалі на ўзвядзенні Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы і даведаліся, што прывяло расіян і ўкраінцаў у Беларусь.

 

— Я яшчэ вучуся — на псіхолага, — расказвае камандзір будатрада «Украіна — Расія — Беларусь» імя 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі Дзяніс ЧУБАХА. — Скончыў чацвёрты курс Краматорскага эканоміка-гуманітарнага інстытута. Падпрацоўваю ў сферы рэкламы, трохі займаюся журналістыкай (рэдагую сайт з навінамі свайго роднага горада), а таксама з’яўляюся першым сакратаром камсамольскай арганізацыі Данецкай вобласці. Родам з Данбаса, з Канстанцінаўкі. У Беларусь на будоўлю прыязджаю ўжо трэці год запар, летась таксама быў камандзірам атрада, што працаваў на рэканструкцыі стадыёна «Дынама». Нас запрасілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Ліга камуністычнай моладзі.

Усяго ў склад атрада ўваходзяць чатыры ўкраінцы, столькі ж расіян і два беларусы. Разам з імі на гэтай жа будоўлі працуе студэнцкі атрад з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Нягледзячы на тое, што многія байцы — ужо фактычна дарослыя людзі, фінансавы аспект для іх далёка не на першым плане. Дзяніс Чубаха сцвярджае, што галоўным стымулам для большасці стала магчымасць убачыць суседнюю краіну. Заробак жа залежыць ад аб’ёмаў выкананай работы, арыенціровачная лічба — каля 700 рублёў за месяц.

— Я першы сакратар камсамольскай арганізацыі нашага раёна, — расказвае Арцём ГЕРМАН, які прыехаў у Беларусь з Первамайска Мікалаеўскай вобласці Украіны. — Гэтым летам атрымаў запрашэнне ў Мінск на будоўлю і доўга не раздумваў. У вашай краіне ўпершыню, уражанняў вельмі шмат — усяго не раскажаш. Спачатку працаваць было цяжка, але я хутка вучуся, таму цяпер праблем няма. У нас выдатны калектыў — «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Разам гатуем вячэру, адпачываем. Нядаўна вось гулялі ў футбол на стадыёне побач з інтэрнатам, ходзім на турнікі. Горад вельмі прыгожы. Калі параўноўваць з Кіевам, у нас на вуліцах вельмі шмат лішняга — кіёскаў, рэкламы і іншага, а ў вас я адчуваю сябе спакойна. Увогуле, прызнаюся, што падчас гэтай паездкі задумаўся пра пераезд у Беларусь.

Байцы пераважна займаюцца падсобнай работай. Хлопцы дапамагаюць мулярам, падаюць цэглу і раствор, збіраюць і разбіраюць рыштаванні, прыбіраюць смецце, разгружаюць аўтатранспарт. Некалькі байцоў, у якіх ужо ёсць вопыт работы на будоўлях, працуюць цеслярамі-бетоншчыкамі. Шчыраваць усе плануюць поўны тэрмін — амаль два месяцы. Дарогу ў Беларусь і назад усім аплацілі арганізатары.

 

— Я ўжо другі раз у будатрадзе, у 2015 годзе таксама працаваў у вас на «Дынама», — расказвае Уладзімір КУПРЭЙЧУК з Оўруча Жытомірскай вобласці. — Ад той паездкі засталіся выдатныя ўражанні, таму і вырашыў вярнуцца ў Мінск. Адзінае, чаго хацелася б асабіста мне, — больш актыўнага адпачынку. Па профільнай адукацыі я геадэзіст, але ніколі не стажыраваўся па спецыяльнасці, таму займаюся ў асноўным падсобнымі работамі. Мяне фізічная праца не палохае, яна ачышчае галаву ад дурных думак (смяецца). Мінск — прыгожы, калі будзе магчымасць, абавязкова вярнуся яшчэ раз.

Байцоў пасялілі ў пятнаццаці хвілінах хады ад будоўлі — у інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Умовамі пражывання ўсе задаволеныя, тым больш, што ў пакоях хлопцы фактычна толькі начуюць. Што датычыцца работы, то, як кажа Дзяніс Чубаха, на будоўлях ніколі не бывае лёгка. Узвядзенне Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы ён называе «сур’ёзным праектам». Тут уважліва сочаць за ўсімі дробязямі, вельмі жорстка кантралююць выкананне мер бяспекі.

— Раней ніколі не ўдзельнічаў у будатрадах, цяпер вось даганяю, — прызнаецца настаўнік гісторыі і англійскай мовы адной са школ Разані Уладзімір ГРУШАВОЙ. — Калі быў студэнтам, трохі падпрацоўваў на будоўлях, таму работа для мяне не новая. Хоць усё адно цяжка прывыкнуць, калі дома нічога цяжэй за ручку не падымаеш. У Беларусі ўпершыню. Калі параўноўваць з месцам, дзе жыву, то Мінск вельмі прыгожы. Першае, што кідаецца ў вочы, — прастора: у мяне позірк адпачывае, і на душы становіцца спакойна. Спадабаўся Верхні горад, трохі гулялі па праспекце, але калі шчыра, то часу на адпачынак няшмат — у асноўным гэта выхадныя. А яшчэ ў вас неверагодныя дзяўчаты! Для мяне гэта паездка — каштоўны досвед, бо можна даведацца шмат карысных рэчаў: як класці цэглу, замешваць раствор — ніякаму мужчыну гэта не будзе лішнім. Фінансавае пытанне таксама прысутнічае, але для мяне яно не галоўнае — я ехаў па ўражанні.

 

Падчас нашага візіту байцы дапамагалі ўзводзіць калідор, дзе будуць размяшчацца распранальні, душавыя кабінкі, прыбіральні. Адсюль ужо бачныя дзве велізарныя залы, дзе праз некалькі гадоў будуць выхоўваць новых «зорак» айчыннага спорту. Хлопцы манціруюць рыштаванні — не самая цяжкая, але вельмі адказная работа.

— Прыязджаю ў Мінск ўжо другі год, — кажа студэнт Запарожскага нацыянальнага ўніверсітэта Уладзіслаў САХАБУТДЗІНАЎ. — У Беларусі мне вельмі падабаецца парадак, пачынаючы ад раскладу аўтобусаў, якія прыязджаюць хвіліна ў хвіліну, і заканчваючы сацыяльнай арыентаванасцю дзяржавы. Яшчэ звярнуў увагу, што большасць прадуктаў зроблена ў сваёй краіне — гэта выдатна, бо ў нас усё імпартнае. Працаваць люблю, для мяне гэта не праблема, а тут адначасова можна яшчэ пабачыць іншую краіну. Таму будатрад — проста шыкоўная магчымасць для гэтага.

Для міжнароднага атрада, як заўсёды, распрацавалі культурную праграму. У хлопцаў запланаваны візіты на галоўныя прадпрыемствы горада: МАЗ, МТЗ, завод «Атлант», фабрыку «Камунарка». Не застануцца без увагі і музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Заіра Азгура. Таксама байцы наведаюць сталічны аквапарк. Адбудзецца футбольны матч з атрадам з Санкт-Пецярбурга, які сёлета працуе на рэканструкцыі «Дынама».

— На практыцы пасля другога курса нам абавязкова трэба папрацаваць на якім-небудзь будаўнічым аб’екце, — тлумачыць студэнт будаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Уладзіслаў ГУМЯНЮК. — У БРСМ прапанавалі спалучыць карыснае з прыемным і пайсці ў будатрад да канца лета, таму я адразу згадзіўся. Дасюль такога вопыту ў мяне не было, але цяпер я ў захапленні. Вельмі ўзрадавала, што з намі працуюць хлопцы з Расіі і Украіны. Мы з усімі ладзім, размаўляем на розныя тэмы, дзелімся меркаваннямі — гэта заўсёды цікава. А яшчэ для мяне важна, што мы ўзводзім сапраўды ўнікальны аб’ект. Я бачыў макет, і ўпэўнены, што будынак будзе нестандартны. Як студэнты профільнай спецыяльнасці, дапамагаем устанаўліваць апалубку, заліваем сцяжку — усё гэта дапаможа нам у будучай прафесіі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, Звязда

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА