У Глыбокім пройдзе дзясяты

Рэспубліканскі сямейны праект

«Уладар сяла»

6 кастрычніка ў Глыбокім (Віцебская вобласць) адбудзецца Х Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект БРСМ «Уладар сяла», галоўнымі задачамі якога з’яўляюцца: садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на сяле, падняцце прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванне інстытута сям’і, адраджэнне працоўных дынастый , папулярызацыя традыцый беларускай вёскі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца ў 13.00 на Цэнтральнай плошчы альбо ў Глыбоцкім гарадскім доме культуры — у залежнасці ад умоў надвор’я.

У займальных сельскагаспадарчых і творчых конкурсах рэспубліканскага фіналу возьмуць удзел шэсць маладых сем’яў-пераможцаў раённых і абласных этапаў: сям’я Гайдук, (гарадскі пасёлак Ружаны, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць); шматдзетная сям’я Молакавых (4 дзіцяці — сын Мікіта 12 гадоў, дачка Сафія 6 гадоў, блізняткі Ганна і Анастасія 3 гадоў, аграгарадок Більдзюгі, Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць), сям’я Давыдавых (аграгарадок Баршчоўка, Добрушскі раён, Гомельская вобласць); сям’я Палавеня (аграгарадок Гудзевічы, Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць); сям’я Літвіных (вёска Лешня, Капыльскі раён, Мінская вобласць), сям’я Жекановых (аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць).

Сям’я Гайдук з Брэсцкай вобласці

Шматдзетная сям’я Молакавых з Віцебскай вобласці

Сям’я Давыдавых з Гомельскай вобласці

Сям’я Палавеня з Гродзенскай вобласці

Сям’я Літвінаў з Мінскай вобласці

Сям’я Жэканавых з Магілёўскай вобласці

Акрамя дэманстрацыі візітных картак “Вітаем па-беларуску» семьям трэба будзе прэзентаваць “Выстаўку дасягненняў сямейнай гаспадаркі”. А прафесійныя навыкі вядзення сельскай гаспадаркі яны прадэманструюць падчас традыцыйных конкурсаў праекта “Па дровы” (распілоўка, колка і ўкладка дроў) і “Святочны воз” (запрэжка-распрэжка каня). Спрыт, а таксама “пачуццё локця” сем’і праявяць у “Вясковай эстафеце”, у якую ўваходзяць конкурсы: “У птушнiку”, “Багаты ўраджай”, “Рыбалоў”. Атрымаць майстар-клас па прыгатаванні беларускіх дранікаў з дапамогай драўлянай калоды і звычайнай патэльні можна будзе падчас конкурсу “Сялянскiя прысмакi”.

Сёння ў групе «Моладзь Беларусі» сацыяльнай сеткі “УКантакце”, а таксама на канале BRSMvideo відэахостынгу YouTube стартавала галасаванне за відэаролікі фіналістаў конкурсу “Лепшы сельскі падворак». У гэтым конкурсе пераможцу дапамогуць вызначыць карыстальнікі віртуальнай сеткі (падрабязнасці — на brsm.by).

Госці “Уладара сяла” змогуць паўдзельнічаць і ў вялікай культурна-забаўляльнай праграме. Да прыкладу, Беларускі гульнявой тэатр роставых лялек Dolls4All з Дзятлава падрыхтаваў да свята “Гасцёўню БульбаЁсціка”: з прыпеўкамі, танцамі і песнямі да БульбаЁсціка прыйдуць баба Бульба і дзед Ёсця, іх унукі і іншыя казачныя персанажы, пацешаць дзятву і героі мультфільма “Шчанюковы патруль” з праграмай “Шчанюкі спяшаюцца на дапамогу”.

Упершыню праект “Уладар сяла” стартаваў у 2007 годзе ў Глыбоцкім раёне і адразу прыцягнуў увагу грамадскасці. Паўгода ўся краіна сачыла за тэлевізійнымі рэпартажамі і газетнымі публікацыямі, у якіх журналісты распавядалі аб кожным са шматлікіх этапаў барацьбы за тытул “Уладар сяла” сярод маладых сем’яў Глыбоцкага раёна. Тады пераможцы — сям’я Герасімёнак, якая, дарэчы, у гэтым годзе прыме ўдзел у конкурсе ў статусе ганаровага госця, стала яшчэ і ўладальнікам галоўнага прыза — камфортнага дома ў аграгарадку Ломашы.

Яркі і займальны праект, ініцыяваны моладдзю Глыбоччыны, ужо ў 2008 годзе быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні — атрымаў статус рэспубліканскага. З тых часоў ён штогод аб’ядноўвае сотні маладых сем’яў (сужэнцы ва ўзросце не старэйшыя за 31 год, іх дзеці), якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за тры гады і якія працуюць на вёсцы. Конкурс складаецца з трох асноўных этапаў: раённага, абласнога і фінальнага — рэспубліканскага, што дазваляе прыцягнуць максімальную ўвагу да ўдзелу ў праекце, папулярызаваць яго сярод сельскага насельніцтва. Толькі ў 2017 годзе конкурс аб’яднаў 478 маладых сем’яў.

Сёння Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла” адзначае дзесяты юбілей. За гэтыя гады фіналістаў конкурсу сустракала Віцебшчына, Гомельшчына, Гарадзеншчына, Магілёўшчына, неаднаразова Міншчына і нават Мінск. У юбілейны год арганізатары — Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” пры падтрымцы міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграпрамбанк”, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” — зробяць фінальны прыпынак конкурсу на яго гістарычнай радзіме — у Глыбокім. Дарэчы, апошнія два гады пераможны п’едэстал “Уладароў” займаюць сям’і Віцебшчыны.

І яшчэ крыху пра п’едэстал-2017. Усе ўдзельнікі фіналу гарантавана атрымаюць выдатныя падарункі — грашовы прыз у памеры 80 базавых велічынь, а таксама электрычны трымер для догляду за газонам. “Уладар сяла — 2017” стане ўладальнікам мотаблока.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда