Валанцёрства — не тая рэч, на якой можна «піярыцца»

Знайсці час для гутаркі з Марыяй Воінавай удалося паміж выступленнямі тэатра валанцёр­скага атрада. Дзяўчына кіруе і самім атрадам, і яго трупай, а нядаўна стала пераможцай у рэспубліканскім конкурсе БРСМ «Валанцёр года — «Добрае Сэрца» ў намінацыі «Асабісты ўклад». Прыклад 19?гадовай другакурсніцы перакладчыцкага факультэта Мінскага дзяржаўна­га лінгвістычнага ўніверсітэта пераконвае, што для добрых спраў зусім не трэба валодаць су­пермагчымасцямі. Галоўнае — проста быць захопленым сваёй справай.

— Як лёс прывёў у лінгвістычны ўніверсітэт?

— Я вучылася ў гімназіі з лінгвістычным ухілам, удзельнічала ў навукова-практычных канферэнцыях, неаднойчы займала першыя месцы на рэспубліканскіх этапах, стала лаўрэатам спецфонду Прэзідэнта. У мяне мама выкладае англійскую мову, калісьці і бабуля выкладала ў МДЛУ. Усё ў жыцці звязана з мовамі. Ва ўніверсітэце я пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі і стала валанцёрам. Мяне зацікавіла дзей­насць валанцёрскага атрада пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта «Мы — дзецям». Я вельмі люб­лю дзяцей, яны шчырыя і адкрытыя, з імі лёгка кантактаваць. Вырашыла паспрабаваць, таму што прос­та вучыцца мне сумна, патрэбен пастаянны рух.

— Але знайсці яго можна ў розных сферах. Чаму вы выбралі менавіта дапамогу дзецям?

— Калі я была зусім маленькай, шмат часу праводзіла ў бабулі. Побач з яе домам быў інтэрнат. Я кан­тактавала з дзецьмі, у якіх па розных прычынах не было бацькоў, і з таго часу заўжды думала пра тое, што, калі вырасту, буду дапамагаць такім хлопчыкам і дзяўчаткам. Таму ва ўніверсітэце, калі мне пра­панавалі стаць кіраўніком валанцёрскага атрада, адразу пагадзілася, бо адчула, што гэта маё.

— Ці лёгка кіраваць атрадам?

— У ім каля 100 чалавек, але пастаянна ва ўсіх мерапрыемствах удзельнічаюць 15 акцёраў і яшчэ 20 валанцёраў. Я б не сказала, што мне з імі складана. Зразумела, я заўжды перажываю, калі чалавек «валанцёрыць» першы раз, стараюся сама суправаджаць навічкоў. У дзіцячую анкалагічную бальніцу ў Бараўлянах не кожны зможа ездзіць, бо гэта псіхалагічна цяжка. Ёсць такія, хто пасля першай паезд­кі адмаўляецца. У дзіцячы дом — калі ласка, у анкацэнтр — не.

— Чым даводзіцца займацца падчас валанцёрства?

— Мы амаль штодня бываем у дзіцячай анкалогіі. Ёсць дзяўчаты, якія праводзяць заняткі па англій­скай, рускай і іншых мовах. Маленькія пацыенты ляжаць там доўгі час і шмат прапускаюць са школь­най праграмы, а мы дапамагаем яе навярстаць. Неяк наведвалі васьмімесячную дзяўчынку, у якой не было бацькоў — нашы валанцёры дзяжурылі каля яе амаль кругласутачна. Даводзілася і карміць яе, і падгузкі мяняць, і гуляць.

— Як жа вы спраўляецеся з гэтым без вопыту і спецыяльных ведаў?

— Перад тым, як адправіць кудысьці валанцёра, я з ім размаўляю. Калі трэба ехаць да маленькага дзі­цяці, я пытаюся, ці ўмее чалавек абыходзіцца з немаўлятамі, калі не, дык ці не баіцца ён гэтага. Адной­чы не было каго адправіць, і вольны час быў толькі ў адной дзяўчыны. Але яна стала адмаўляцца і ка­заць, што ніколі не трымала немаўлятка на руках. Сітуацыя была крытычная, таму яна ўсё ж пагадзіла­ся. І пасля гэтага сама пачала выказваць жаданне паехаць да малечы.

А некаторыя нашы валанцёры вучацца на выкладчыкаў замежных моў і на старэйшых курсах ужо веда­юць дзіцячую псіхалогію. Але я думаю, галоўнае ў стасунках з дзецьмі — усміхацца і не баяцца ісці на кантакт.

— Вы дапамагаеце толькі дзецям?

— Калі нам прапануюць з’ездзіць, напрыклад, у псіханеўралагічны дом-інтэрнат у Тарасіках, дзе знахо­дзяцца дарослыя людзі, мы не адмаўляемся. Але тут ужо свае асаблівасці і нюансы. Такія людзі, у ад­розненне ад дзяцей, не заўжды гатовыя ісці на кантакт. І хоць дапамога патрэбна ўсім, але мне здаец­ца, што маленькім асабліва важна пакінуць хоць крыху шчаслівых успамінаў.

— З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца ў рабоце валанцёра?

— Цяжкасці бываюць хіба што ў перыяд падрыхтоўкі пастановак. Мы самі займаемся касцюмамі, рэкві­зітам, дэкарацыямі, купляем падарункі. А што датычыць стасункаў… Аднойчы я пасябравала ў анка­цэнтры з хлопцам, на той момант яму было 18 гадоў. Наведвала амаль штотыдзень. Але вылечыць яго не змаглі: ён памёр. Пасля гэтага было цяжка…

— Вы кіруеце дзіцячым тэатрам «Разам у казку», які існуе на базе атрада. Як узнікла ідэя яго стварэння?

— Адна справа проста прыязджаць да дзяцей, размаўляць і гуляць з імі, і зусім іншая — прывозіць спектакль, у якім яны самі могуць паўдзельнічаць. Я хоць і не заўважала за сабой асаблівага акцёрска­га таленту, але заўжды пісала сцэнары для розных мерапрыемстваў. Прага творчасці была, таму выра­шыла паспрабаваць стварыць сваю трупу. Наколькі я ведаю, такога тэатра няма ні ў адным універсітэ­це.

— Як звычайна вас успрымаюць дзеці?

— Калі мы ездзілі ў ждановіцкі дзіцячы дом да дашкалят, тыя літаральна з парога пачыналі знаёміцца і ўжо праз пару візітаў ведалі нас усіх па імёнах, гулялі з намі, рабілі макіяж і прычоскі, быццам бы знаё­мыя з намі шмат гадоў (усміхаецца). А калі супрацоўнічалі з дзіцячым домам № 5, дзе большасці гада­ванцаў ад 10?ці да 16?ці гадоў, да нас спачатку ставіліся з недаверам. Аднойчы нам нават сказалі: маў­ляў, у вас у жыцці ўсё выдатна, дык вырашылі ў добранькіх пагуляць? Дзеці не вераць, што камусьці могуць быць патрэбнымі.

У Бараўлянах усё яшчэ больш цяжка. Той жа хлопец, да якога я ездзіла, спачатку казаў мне: «Навош­та ты сюды цягаешся? Я не інвалід!» Але з часам добрае стаўленне, якога не хапае гэтым дзецям, да­памагае нам пасябраваць.

— Што падштурхнула да ўдзелу ў конкурсе «Валанцёр года»?

— Мне прапанавалі зрабіць прэзентацыю дзейнасці атрада і паўдзельнічаць у намінацыі «Асабісты ўклад». Напэўна, журы ацаніла мой «асабісты ўклад» таму, што ніводнае мерапрыемства атрада не праходзіць без майго ўдзелу.

Увогуле я хацела адмовіцца ад конкурсу, таму што на гэта амаль не было часу. Але ўсё ж зрабіла прэ­зентацыю з відэаролікам і забылася пра яе. Праз нейкі час мне паведамілі, што я перамагла. Было, вя­дома, прыемна…

— І як гэта — адчуваць сябе лепшым валанцёрам года?

— Для мяне гэтае званне нічога не змяніла. Я буду працягваць рабіць тое, што і раней. Я ўвогуле не вельмі люблю, калі ўсе навокал кажуць, якія мы малайцы, бо валанцёрства — не тая справа, на якой можна «піярыцца». Мы займаемся ім не для таго, каб камусьці штосьці даказаць ці паказаць. Проста мы самі атрымліваем асалоду ад таго, што знайшлі сябе ў гэтай справе. З іншага боку, я радуюся пе­рамозе, бо яна прыцягнула ўвагу да нашай дзейнасці. Нам цяпер дапамагаюць закупляць падарункі для дзяцей, з’явілася шмат запрашэнняў выступіць у розных установах… Увогуле, я не ўяўляю сябе без валанцёрства, і нават пасля заканчэння ўніверсітэта мне не хацелася б пакідаць атрад.

— А як ставяцца да валанцёрства вашы родныя?

— Спачатку бацькі перажывалі, што гэта пашкодзіць вучобе. Але неўзабаве яны ўбачылі вынікі. У нас у атрадзе была дзяўчына, якая ездзіла ў дзіцячы дом, а пасля яны з бацькамі ўзялі адтуль дзіця. І такі выпадак не адзіны. Калі я распавядаю ім пра гэта, яны бачаць, што ўсё, што мы робім, недарэмна. Я думаю, яны мной ганарацца.

Дзіяна СЕРАДЗЮК, Чырвонка.Чырвоная змена.