Варкаўт і брэйк-данс у Віцебску

14 ліпеня на «Славянскім базары» ў Віцебску пройдзе Дзень моладзі «Мой родны кут, як ты мне мілы». Прадстаўнікі маладзёжных аб’яднанняў расказалі, што будзе адрозніваць гэтае свята ад папярэдніх, дзе пройдуць галоўныя дзеянні і калі пачынаецца рэгістрацыя.

Першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк пераканаў у тым, што сёлета дакладна будзе на што паглядзець. Мерапрыемства распачне арт-парад «БелаРусь у Сэрцы Маім!», у якім прымуць удзел прадстаўнікі маладзёжных субкультур і аб’яднанняў (скейтбардысты, брэйк-дансеры, джамперы), танцавальныя калектывы, таленавітая і адораная моладзь з усёй краіны.

Пасля парада распачнецца патрыятычная акцыя «Мы помнім, мы ганарымся!». Удзельнікі мерапрыемства аддадуць даніну памяці савецкім воінам і ўскладуць кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.

Асаблівая ўвага была ўдзелена фестывалю маладзёжных субкультур і здароваму ладу жыцця. З прэзентацыямі сваіх праектаў выступілі прадстаўнікі аб’яднанняў.

Уладзімір Янушкевіч, кіраўнік брэйк-данс-каманды Conquіstador crew, расказаў, што федэрацыя брэйк-данса была створана толькі год таму і зрабіла вялікі крок наперад. На пляцоўцы «Славянскага базару» будуць праводзіцца майстар-класы ад прызнаных брэйкераў, батлы паміж дзецьмі і дарослымі. Удзел можа прыняць кожны, хто захапляецца гэтым відам спорту, бо ўсё адбудзецца на вольнай пляцоўцы.

Андрэй Сямавін, кіраўнік дабрачыннага некамерцыйнага грамадскага аб’яднання прыхільнікаў аўтагуку, расказаў пра сваю незвычайную субкультуру. Іх мэта ў тым, каб моладзь перастала збірацца ў гаражах і выйшла на вялікую пляцоўку. Кожны, у каго ёсць машына, можа прыехаць на фестываль і прыняць удзел у дзеянні. Кіраўнік пераканаў у тым, што ўсё пройдзе не вельмі гучна, але весела і цікава.

Акрамя фестывалю маладзёжных субкультур, пройдуць фестываль дваровых гульняў «Альтэрнатыва», дзе старэйшае пакаленне навучыць моладзь гульням іх дзяцінства, інтэрактыўная экспазіцыя «Беларусь — крыніца натхнення», падчас якой адбудзецца прэзентацыя беларускіх традыцый, нацыянальных сімвалаў і асаблівасцяў беларускай культуры і бітва дыджэяў «Беларусь і Я», дзе беларускія народныя мелодыі загучаць у сучаснай апрацоўцы.

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ, Звязда