БРСМ сталіцы ўручыць штогадовую прэмію сваім

лепшым актывістам

10 студзеня  Мінская гарадская арганізацыя БРСМ ушануе 25 лепшых прадстаўнікоў Саюза моладзі, якія найбольш ярка праявілі сябе ў 2018 годзе ў розных напрамках арганізацыі, штогадовай маладзёжнай прэміяй “За дело”.

Урачыстая цырымонія традыцыйна адбудзецца ў Мінскай гарадской ратушы ў рамках падвядзення вынікаў Года малой радзімы — 2018. Тут збяруцца 100 актывістаў Саюза моладзі сталіцы.

Акрамя таго, падчас мерапрыемства стануць вядомыя імёны пераможцаў конкурсу буктрэйлераў “Мая малая радзіма” ў чатырох намінацыях: “Куточак Беларусі», «Ліст, які прыйшоў з вайны”, “Наперад, Сталіца” і “Пераможца ONLINE”.

Конкурс буктрэйлераў праходзіць у чацвёрты раз, ён быў аб’яўлены Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ у пачатку жніўня 2017 года. Прыняць удзел у ім маглі маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Неабходна было зняць кароткае відэа пра малую радзіму. Усяго на адрас аргкамітэта паступіла 87 заявак з творчымі аўтарскімі работамі. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 150 чалавек. У фінал па выніках галасавання экспертнага савета ўвайшлі 56 работ. У кожнай з намінацый вызначаны па тры пераможцы.

Назавуць у гарадской ратушы і імёны пераможцаў праекта Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый “Мой родны кут”, які працягнецца і ў гэтым годзе.

Гэты праект стартаваў летась 4 ліпеня ў Мінску. Яго галоўная місія — добраўпарадкаванне сталічных двароў. Члены БРСМ сумесна з жыхарамі дамоў, камунальнымі арганізацыямі вызначалі індывідуальны для кожнага двара фронт работ. У кожным раёне горада праект ахапіў каля чатырох двароў. Завяршыўся праект у лістападзе мінулага года мерапрыемствам “Свята двароў”, падчас якога ўдзельнікі змаглі прадэманстраваць вынікі сваёй творчай працы: у Фрунзенскім раёне з’явіліся каляровыя лесвіцы, у Маскоўскім — яркае графіці з выявай грэчаскіх багоў, а ў Партызанскім — міні-сцэна ў двары.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда