Жывуць у сэрцах студатрады… У аднолькавай

ступені — што ў членаў ранейшага УЛКСМ, што ў

цяперашняга БРСМ

 

Часта кажуць, што моладзь — аснова краіны, яе будучыня. Наша Айчына заўсёды ганарылася актыўнымі юнакамі і дзяўчатамі, якія хацелі развіваць і рабіць гэтую самую будучыню лепшай. На сёння шэфства над такімі зацікаўленымі ўзяў на сябе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сучасныя юнакі і дзяўчаты бяруць добры прыклад любові да працы ад папярэднікаў, ветэранаў студатрадаўскага руху. Гэтак жа як і «Чырвонка», якая 21 красавіка адсвяткуе свае 100-годдзе, падхапіўшы творчую эстафету ад ранейшых журналістаў, працягвае пісаць пра яго найлепшых прадстаўнікоў. Аб гісторыі, пераемнасці традыцый і буднях былых будаўнічых атрадаў расказала дырэктар музея гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі Святлана САСНІНА:

— У 1963 годзе ўпершыню больш за 2 тысячы студэнтаў з шаснаццаці ВНУ Беларусі выехалі ва Уральскую вобласць, каб унесці свой уклад у асваенне цалінных зямель. Там яны пабудавалі 100 жылых дамоў, 18 інтэрнатаў, 34 культурна-бытавыя аб’екты, восем школ. Па выніках працоўнага семестра 37 беларускіх студэнтаў узнагародзілі медалём «За асваенне цалінных зямель». Вельмі адказным для маладых людзей стаў 1974 год. Менавіта тады ў красавіку было абвешчана аб будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі (БАМ). Гэта была смелая і надзвычай складаная задача, патрабавалася пракласці больш за 4 тысячы кіламетраў чыгуначных пуцей, зрабіць дзясяткі буйных мастоў і тунэляў, пабудаваць звыш 60 гарадоў і пасёлкаў. Уся моладзь ад Брэста да Уладзівастока марыла трапіць на «Усесаюзную ўдарную будоўлю», гэта было прэстыжна. Паехаць туды было не толькі выпрабаваннем на трываласць, але і асаблівай працоўнай рамантыкай.

У 1975 годзе на ўчастку БАМ — Тында — Беркакіт у пасёлку Залацінка Якуцкай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі высадзіўся першы Беларускі ўдарны камсамольска-маладзёжны атрад імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі ў колькасці 125 чалавек. Так пачалося будаўніцтва гэтай станцыі і пасёлка, які стаў найлепшым на ўсёй Байкала-Амурскай магістралі. Хлопцаў і дзяўчат не палохалі ні бытавыя цяжкасці, ні суровы клімат. Будаўніцтва вялося ў зоне вечнай мерзлаты і высокай сейсмічнасці, перапады тэмпературы дасягалі ад плюс 40 градусаў летам да мінус 60 зімой. Добраахвотнікі рабілі ў тайзе прасекі, цягнулі кіламетры сталёвых рэек… У 1978 годзе ў Кічэру, адзін з самых маладых добраўпарадкаваных пасёлкаў на БАМе, прыбыў зводны камсамольска-маладзёжны атрад імя XVІІІ з’езду УЛКСМ у складзе 80 чалавек. Менавіта там мінчанка Ганна Лучына са сваім мужам Генадзем правялі аж 16 гадоў свайго жыцця!

— Маладыя людзі адправіліся за сем тысяч кіламетраў пакараць тайгу. Перад тым яны збіраліся пажаніцца, аднак ведалі, што пары туды не адпраўляюць. Таму вырашылі адкласці свой намер на пэўны час. Прыбыўшы на месца, Генадзь з іншымі камсамольцамі стаў пракладваць прасекі пад чыгуначныя пуці і лініі электраперадачы, будучы камісарам аднаго з атрадаў, а Ганна была кухаркай. Чыстай пітной вады на БАМе было не дастаць: трэба было тапіць снег на вогнішчы і хутка гатаваць на брыгаду з дваццаці чалавек першую, другую страву і чай. Усе, хто ехалі туды толькі для заробку, хутка з’язджалі назад. А тыя, хто ехаў па ўражанні, рамантыку, заставаліся надоўга. Ніхто ні ў кога лішняга не браў, грошы не хавалі, бо ведалі, што кожны з іх — сябар. Дарэчы, Ганна і Генадзь Лучыны ўсё ж такі зладзілі вяселле, яно стала святам для ўсяго пасёлка. Сукенку нявесце даслалі сваякі. Дзень пагулялі — і зноў працоўныя будні. На БАМе ў новай сям’і нарадзіліся дзве дачкі.

Моладзь у рамках будаўнічых атрадаў працавала і на іншых значных аб’ектах. Ветэран студатрадаўскага руху — доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры Рэўміра Піёнава. З 1962 да 1968 года была сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі. З успамінаў Рэўміры Сяргееўны:

«Калі б у мяне спыталі, якія самыя значныя і памятныя падзеі і справы камсамольскага перыяду жыцця засталіся ў памяці, я б адказала, што за 14 гадоў работы ў розных органах у мяне было нямала важных і значных дзён. Гэта і будаўніцтва рэспубліканскай здраўніцы на возеры Нарач — піянерскага летніка «Зубраня», які многімі завецца беларускім «Артэкам». І студэнцкія будаўнічыя атрады, студэнцкая цаліна. Пачыналася яна для ВНУ нашай рэспублікі так. Узімку 1962 года на адной з нарад у ЦК УЛКСМ у Маскве абмяркоўвалася пытанне аб вопыце работы студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Тройчы ўздымалася пытанне аб адкрыцці студэнцкага будаўнічага руху, які атрымаў назву «трэці працоўны семестр». У Мінску быў створаны Працоўны штаб студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Былі вызначаны ВНУ, якія фарміравалі будатрады. У нашай альма-матэр застракацелі аб’явы-заклікі: «Едзем на цаліну будаваць!», «Будзем будаваць дзіцячы сад — здадзім «пад ключ!» і іншыя.

…Мяне зацвердзілі кіраўніком агульнай групы і мы ўсе разам выехалі ў Заходне-Казахстанскі край, а адтуль — ва Уральскую вобласць. Усім байцам урачыста ўручаліся камсамольскія пуцёўкі. Сустрэлі нас добразычліва, мы пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі, пасябравалі. Рабочы дзень на цаліне пачынаўся вельмі рана — пакуль не наступала спякота — і працягваўся дзесяць і больш гадзін. У рабочым тыдні быў адзін выхадны, а калі здавалі ў жніўні аб’ект «пад ключ», працавалі і ўвогуле без іх. Акрамя таго, ездзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі спаборніцтвы, дыскатэкі, праводзілі экскурсіі па славутых мясцінах Уральскага краю. Атрады навучылі студэнтаў працаваць калектыўна, дапамагаючы адзін аднаму ў цяжкіх сітуацыях. Пры гэтым выяўлялася не толькі працоўная, фізічная вытрымка, але і маральная».

Удзельніца будаўнічых атрадаў, ветэран студатрадаўскага руху, педагог з паўвекавым стажам Ірына Энджэеўская 30 гадоў кіравала абласным зводным студэнцкім атрадам «Беларусь» імя Героя Сацыялістычнай Працы, Героя Беларусі Аляксандра Дубко. У Гродзенскім каледжы мастацтваў, куды Ірына Ільінічна прыйшла на работу, ёй даверылі стаць камандзірам студэнцкага атрада «Алеся». «Мяне вучылі бацькі, што галоўнае ў чалавеку — гэта прыстойнасць, працавітасць і паважлівае стаўленне да людзей, сваёй Радзімы. Працавалі на палях кансервавага завода. Уставалі ў 5-6 гадзін, днём у самы гарачы час рабілі перапынак. Палолі памідоры, збіралі агуркі, але час на рамантыку ўсё ж знаходзілі. За 30 гадоў мае байцы згулялі 25 вяселляў, не забывалі і камандзіра запрасіць. Зарабіць грошы для нас было не галоўнае. Гаспадаркі за добрую работу прэміравалі паездкамі на Чорнае і Азоўскае моры. Працуючы ў адным з саўгасаў Астраханскай вобласці, здзейснілі незабыўнае падарожжа па Волзе на цеплаходзе…»

Рух, які распачалі ветэраны будаўнічых атрадаў, працягваецца і сёння. Штогод студэнты выязджаюць на розныя аб’екты не толькі ў межах нашай краіны, але і блізкага замежжа. Пра гэта добра ведае камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Надзея Шахоўская, якая з 1991 года актыўна ўдзельнічае ў студатрадаўскім руху. «Пераемнасць пакаленняў захоўваецца. Штогод у нас пачынаецца новы праект. Зразумела, нешта трансфармавалася, а штосьці застанецца назаўжды. Захаваліся песні каля вогнішча, адказнае стаўленне да працы, сяброў, сваіх байцовак. Калі я пачынала, быў складаны перыяд для краіны: распад СССР і значнае зніжэнне колькасці студатрадаў. Але ў Беларусі гэты рух не перарываўся ні на год. У чэрвені 1993 года на базе Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (сёняшні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) быў сфарміраваны зводны студэнцкі атрад «Купалінка» з пяці лінейных атрадаў для работы ў дзіцячых садках Стаўрапольскага краю. Усяго на Паўночны Каўказ адправіліся 230 юнакоў і дзяўчат. Першыя дні былі цяжкія — мазалі, траўмы, абгарэлыя насы і спіны. Усё гэта потым забылася. Але не зніклі з памяці хвіліны весялосці, песні ў аўтобусах, жарты, прыпеўкі і многае іншае… На адкрыцці лагера мы абвясцілі аб новай маленькай дзяржаве — Садружнасці Незалежных Атрадаў «Купалінка» са сваёй плошчай Незалежнасці, уласнымі законамі і валютай. Тое лета назаўжды засталося ў сэрцах нашых хлопцаў і дзяўчат».

Дар’я ШЛАПАКОВА, Звязда

Фота аўтара і з адкрытых крыніц