Сёлета студэнцкім атрадам выдзелена каля

35 тысяч рабочых месцаў

Сёлета для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў выдзелена каля 35 тысяч рабочых месцаў, паведаміла камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская. Гэта крыху больш за тысячу аб’ектаў, на якіх байцы будуць шчыраваць. Сёлета плануецца рэалізаваць шмат новых працоўных праектаў, не забываючы і пра ранейшыя. Сярод першых «Трактарабудаўнік-2022» — падпісана пагадненне з Мінскім трактарным заводам, «Аўтазаводзец-2022» — на базе Мінскага аўтамабільнага завода.

Больш падрабязна аб дзейнасці апошняга расказаў камісар штаба вытворчага працоўнага праекта «Аўтазаводзец-2022» Аляксей Бачко.

— На нашым працоўным праекце на дадзены момант знаходзіцца сем атрадаў, якія прадстаўляюць розныя вобласці, ВНУ і каледжы. У нас ёсць студэнты з Беларуска-Расійскага ўніверстітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, ГДТУ імя П. В. Сухога, БНТУ, БДУ, БДСГА і хлопцы з Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа. На працягу двух месяцаў яны будуць шчыраваць і адпачываць на праекце. Усе ўжо працаўладкаваныя на МАЗе. У асноўным моладзь занятая па спецыяльнасці «слесар механазборачных работ».

Рабочы дзень, як правіла, гэта першая змена з 7.00 да 15.45. Пражывае працоўная моладзь у інтэрнаце пры БДУ № 2 на вуліцы Кастрычніцкай. Для студэнтаў створаны выдатныя ўмовы: усе пакоі ў добрым стане. Пасля рабочай змены і вячэры пачынаюцца розныя мерапрыемствы: ад футбола, валейбола, баскетбола да стварэння агітацыйных плакатаў, шахматаў, шашак… Акрамя таго, байцы наведваюць культурна-масавыя мерапрыемствы, ходзяць у тэатры.

— Асабіста для мяне гэта ўжо чацвёртая «цаліна». Тры гады я быў у студэнцкім будаўнічым атрадзе «Эўрыка», з іх два гады як радавы баец. У 2021 годзе стаў камісарам нашага атрада. Сёлета я ўжо штабіст і камісар праекта. Для мяне гэта нешта новае, незвычайнае, цікавае і вясёлае. Калі меркаваць па будаўнічых атрадах, дык названы кірунак моцна развіты ў нашай краіне, і мы тым ганарымся. Што датычыцца вытворчых атрадаў, дык гэта адносна новы кірунак, які актыўна развіваецца. Ужо ёсць праект «Атлант», што існуе трэці год. Сёлета з’явіліся «Трактарабудаўнік-2022» і «Аўтазаводзец-2022». Інакш кажучы, ужо тры буйныя вытворчыя праекты актыўна дзейнічаюць сёлета, — расказвае Аляксей Бачко. — Для мяне працаваць тут вельмі цікава. Пабыць у ролі кіраўніка, паглядзець, што адчуваюць рабяты, якія яшчэ ніколі не звязвалі сваё жыццё з беларускімі студэнцкімі атрадамі, распавесці і навучыць усяму — усё гэта надае мне рашучасці ісці толькі наперад. Для моладзі створаны ўсе ўмовы, і мы сапраўды рады бачыць усіх сярод удзельнікаў нашых атрадаў.

У канцы кожнага тыдня праводзіцца лінейка, дзе збіраюцца студэнты, іх камандзіры, камісары і майстры. На праекце сёння 111 чалавек. Камандзіры здаюць рапарты, пасля чаго падводзяцца вынікі тыдня, уручаюцца граматы, дыпломы за перамогі ў тых ці іншых конкурсах. Юнакі і дзяўчаты зараджаныя, адчуваецца іх настрой і жаданне перамагаць.

— Я спадзяюся, што гэтыя два месяцы пройдуць незабыўна. Для нас важна, каб маладыя запомнілі сваю першую «цаліну» і свой першы камсастаў. У нас ёсць групы «УКантакце», дзе байцы дзеляцца сваімі дасягненнямі, эмоцыямі, пастамі і гісторыямі, —расказвае Аляксей Бачко. — У хуткім часе чакаецца з’яўленне ў Іnstagram і «УКантакце» нашага цудоўнага праекта, дзе абсалютна кожны зможа ўбачыць усё тое, што адбываецца падчас знаходжання з намі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, студэнт ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ