У Год культуры напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
(Дня Рэспублікі) у Мінску пройдзе шырокамаштабны “Дзень вышыванкі”
2 ліпеня 2016 года (у суботу) з 12.00 да 23.00 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” арганізуюць ля сталічнага Палаца спорту маладзёжны праект-свята “Дзень вышыванкі”.
Для даведкі: вышыты нацыянальны арнамент – візітная картка беларусаў. Гэта не проста ўпрыгажэнне, а своеасаблівы шыфр, перададзены нам праз стагоддзі продкамі. Кожны ўзор у арнаменце – сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. Здаўна арнаменты лічыліся аховай, у іх укладвалі станоўчы сэнс. Арнаменты працягваюць актыўна вывучацца сучаснымі навукоўцамі як найбагацейшая крыніца інфармацыі пра жыццё папярэдніх пакаленняў.
Павага да нацыянальных традыцый і самабытнасць беларусаў адлюстраваны ў дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны: арнамент на беларускім сцягу ўказвае на старажытнае паходжанне беларускага народа, на традыцыі добрасумленнай працы, павагі да гісторыі і перадае непарыўную сувязь пакаленняў.
У нашы дні адзенне з традыцыйнай вышыўкай не толькі не страціла сваю актуальнасць, а становіцца па-сапраўднаму модным і ўсё больш папулярным у беларусаў. Выкарыстоўваючы яго ў паўсядзённым жыцці, мы дэманструем сваю нацыянальную і грамадзянскую пазіцыю, культурную адукаванасць і духоўную свядомасць, падкрэсліваем адзінства і згуртаванасць беларускага народа.
З 12.00, пляцоўка ля Палаца спорту
На пляцоўцы ля Палаца спорту разгорнецца выстаўка-продаж вырабаў майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэспублікі “Красуй, горад майстроў!”, майстар-класы па народных рамёствах.
14.00, скрыжаванне пр-та Пераможцаў з вул.Няміга
па праспекце Пераможцаў да пляцоўкі каля Палаца спорту
Калейдаскоп мерапрыемстваў уключае святочны арт-парад “Пад сцягам у вышыванках” – творчае шэсце прадстаўнікоў таленавітай і адоранай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны аб’яднае ўдзельнікаў творчых і фальклорных калектываў, духавых і інструментальных аркестраў, танцавальных школ, тэатраў, прадстаўнікоў розных прафесій, нацыянальных культур, папулярных субкультур і аб’яднанняў.
З 14.30, пляцоўка ля Палаца спорту, галоўная сцэна
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята на цэнтральнай сцэне стартуе творчая эстафета “Арт-фолк” – канцэртная праграма, якая складаецца з нумароў творчых калектываў, папулярных эстрадных выканаўцаў ад абласцей і г.Мінска. Падчас свята пройдзе акцыя “Гэта НАША”, падчас якой будзе арганізавана раздача стужачак з нацыянальным арнаментам”, стварэнне калектыўнага пано, флэш-моб “Славянскія матывы”, стрыт-арт “Родныя ўзоры”, фотагалерэя і ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу “Сэлфі&фота ў вышыванцы”, а таксама фотасесія ў вышыванках і тэматычных тантамарэсках.
На асноўнай пляцоўцы разгорнецца маштабная інтэрактыўная экспазіцыя “Фолк-кірмаш”, на якой кожная вобласць і горад Мінск прэзентуюць свае арыгінальныя замалёўкі, якія адлюстроўваюць фальклор рэгіёнаў краіны: традыцыйныя абрады, касцюмы, гульні, побыт, народныя рамёствы. Будзе арганізавана праца арнаментальнага боды-арт-салона, размалёўванне маек, пляцоўкі народных гульняў, конкурс “Азбука вышыванкі” і многае іншае.
Акрамя гэтага, удзельнікаў свята парадуе дэфіле мадэляў “Стыль. Натхненне. Прыгажосць” у касцюмах з элементамі вышыўкі ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў, а таксама рыцарскія турніры за званне “Адважны рыцар”.
Заключным мерапрыемствам свята стане маладзёжная дыскатэка Disсo-folк “Вышыванка.by” і творчы конкурс “Бітва дыджэяў” з удзелам беларускіх дыджэяў з усіх рэгіёнаў краіны і г.Мінска, зорак беларускай эстрады. Абавязковая ўмова для канкурсантаў – наяўнасць у музычнай праграме тэматычных музычных кампазіцый, рэміксаваных самімі ўдзельнікамі.
Дарэчы, напярэдадні свята па ўсёй краіне адбудуцца фотаконкурс “Сэлфі&фота ў вышыванцы”, флэш-моб “Усе ў вышыванках”, акцыі “Падары нованароджанаму вышыванку”, “Падары вышыванку сябру”, тэматычныя выстаўкі і паказы ў музеях, бібліятэках, кінатэатрах і тэатрах, стварэнне агульнанацыянальнага арнаментальнага пано “Спадчына нацыі” з элементаў з вышыўкай ад кожнага рэгіёна.
Арганізатары спадзяюцца, што ініцыятыва правядзення свята “Дзень вышыванкі” напярэдадні Дня Рэспублікі стане нараджэннем добрай традыцыі, скіраванай на папулярызацыю нацыянальнай культуры, пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў і захаванне злучальнай ніткі пакаленняў.
ПРАГРАМА
мерапрыемстваў свята «ДЗЕНЬ ВЫШЫВАНКІ» |
2 ліпеня 2016 г.
г. Мінск,
пляцоўка каля Палаца спорту
Дата, час | Назва мерапрыемства | |
12.00-22.00 |
— |
«Красуйся, горад майстроў!»
Выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы, продаж сувеніраў, нацыянальная кухня |
14.00 | — | Арт-парад «Пад сцягам у вышыванках»
Шэсце ўдзельнікаў мерапрыемстваў свята
|
14.30 | — | Цырымонія адкрыцця свята «Дзень вышыванкі» |
15.00 | — | Акцыя «Гэта НАША»
Раздача стужак з вышыванкай; стрыт-арт «Родныя ўзоры»; фотагалерэя і ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу «Сэлфі&фота з вышыванкай»; фотасесія ў вышыванках і тэматычных тантамарэсках |
15.00 | — | «Фолк-кірмаш»
Інтэрактыўная экспазіцыя тэматычных пляцовак-прэзентацый ад абласцей і г.Мінска. Арнаментальны боды-арт-салон, размалёўванне маек, пляцоўкі народных гульняў, конкурс «Азбука вышыванкі». |
15.30 | — | «Стыль. Натхненне. Прыгажосць»
Дэфіле мадэляў у касцюмах з элементамі вышыванкі ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў |
15.30 | — | «Адважны рыцар»
Рыцарскія турніры, тэматычная выстава |
16.00 | — | «Арт-фолк»
Канцэртная праграма ад абласцей і г.Мінска, творчых калектываў, папулярных эстрадных выканаўцаў |
21.00- 23.00 | — | Disсo—folк «Вышыванка.by»
Маладзёжная дыскатэка |