Падтрымаць ініцыятыву? Без праблем!

Летась пярвічная арганізацыя БРСМ Беларускага металургічнага завода стала лепшай «пяр­вічкай» у краіне. Карэспандэнты «Чырвонкі» наведаліся ў Жлобін і пацікавіліся, як і за што даюць гэтае званне і чым звычайна заняты члены БРСМ з вышэйзгаданага прадпрыемства.

— У нас некалькі асноўных напрамкаў дзейнасці: спорт, культурна-масавая работа, навукова-тэхнічная творчасць, моладзевае супрацоўніцтва, а таксама абарона інтарэсаў маладых людзей, — распавядае сакратар пярвічнай арганізацыі з правамі камітэта раённай арганізацыі грамадскага аб’яд­нання «БРСМ» Беларускага металургічнага завода Вячаслаў Ліпаткін.

Па яго словах, паколькі на Беларускім металургічным заводзе працуе каля 1600 членаў БРСМ (самая буйная пярвічная арганізацыя беларускіх прадпрыемстваў), нехта абавязкова павінен абараняць іх пра­вы і ў калектыўным дагаворы, і на прадпрыемстве.

Напрыклад, раз на два-тры гады праходзіць адкрытае прыняцце калектыўнага дагавора, і прадстаўнікі «пярвічкі» стараюцца прасоўваць тыя ці іншыя прапановы, якія датычацца інтарэсаў маладых супрацоў­нікаў. Дзякуючы гэтаму цяпер маладыя бацькі маюць адзін законны вольны дзень для таго, каб за­браць жонку з радзільні (на заводзе некалькі відаў працоўных графікаў, выбівацца з іх вельмі склада­на.).

Па расказах Вячаслава Ліпаткіна, як толькі малады супрацоўнік прыходзіць працаваць, ён асабіста з ім сустракаецца, распавядае пра ўсе мерапрыемствы і адначасова цікавіцца інтарэсамі чалавека.

Камусьці, напрыклад, бліжэй спорт. Штогод «пярвічка» БМЗ арганізуе мерапрыемства пад назвай «Аба­ронца Айчыны», у якім бяруць удзел 150-200 чалавек: спаборнічаюць у адцісканні, падцягванні, да­ртсе, армрэслінгу, перацягванні каната, міні-футболе. Пераможцаў чакаюць прызы. Таксама многіх пры­вабліваюць турыстычныя злёты, дзякуючы якім аб’ядноўваецца ўся моладзь холдынга (у холдынг «Бе­ларуская металургічная кампанія» ўваходзяць прадпрыемствы з Магілёва, Рэчыцы, Мінска і іншых га­радоў). Што датычыць тэхнічнай творчасці, то штогод моладзь прадпрыемства не пакідае без увагі між­народную навукова-тэхнічную канферэнцыю, куды прыязджаюць удзельнікі як з Беларусі, так і з за­межжа. Шмат хто праяўляе сябе ў гэтай сферы вельмі актыўна, кожнага і не прыгадаеш. Але, напрык­лад, інжынер-канструктар Мікіта Самсонаў быў узнагароджаны дыпломам першай катэгорыі на XVІІІ Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. Таксама Мікіта мае дыпломы за ўдзел у міжнародных наву­кова-тэхнічных і навукова-практычных канферэнцыях і публікацыі ў зборніках навуковых работ.

Яшчэ сярод моладзі БМЗ у пашане клуб інтэлектуальных гульняў, які існуе пяты год. Дарэчы, усе мо­ладзевыя мерапрыемствы завод падтрымлівае фінансава, выдзяляе моладзі транспарт, калі ў гэтым уз­нікае патрэба.

Сярод маладых супрацоўнікаў Беларускага металургічнага завода ёсць людзі, якія не былі членамі БРСМ да таго, як трапілі на прадпрыемства. Большасць неўзабаве да арганізацыі далучаецца. Як лі­чыць Вячаслаў Ліпаткін, галоўная матывацыя для ўступлення ў БРСМ — магчымасць удзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіць актыў «пярвічкі» на заводзе, ды і свае прапановы можна ўносіць. Так, на металургічным заводзе ёсць свая каманда КВЗ, ство­раная па прапанове супрацоўнікаў, называецца яна «Усе У Сталі». А яшчэ на заводзе працуюць два хлопцы, якія іграюць у рок-гурце. Гэта Юрый Казлоў і Сяргей Чарнавусаў.

Яны ўжо не раз выступалі перад публікай, у тым ліку і на рэгіянальных рок-фэстах. На думку Вячасла­ва Ліпаткіна, падтрымаць ініцыятыву не цяжка, самае складанае — вызначыць, чаго моладзь сапраўды хоча і што ёй цікава.

Ганна ГАРУСТОВІЧ, Чырвонка.Чырвоная змена.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і з архіва пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» Беларускага металургічнага завода.