«Студатрадаўскі рух — найлепшае,

што БРСМ ўзяў ад камсамола»

Чарговы герой рубрыкі «Плеяда маладых» — другі сакратар ЦК БРСМ, куратар рэспубліканскага студатрадаўскага руху Аляксандр Прохараў. Як вясковы настаўнік гісторыі стаў значнай асобай самай буйной маладзёжнай арганізацыі краіны, які конкурс на месца ў найлепшыя працоўныя атрады Беларусі і ад чаго спяваюць сэрцы студатрадаўцаў — у новым інтэрв’ю «Плеяды маладых».

— Аляксандр, што, на ваш погляд, уяўляе сабой сучасны студатрадаўскі рух?

— Гэта вельмі магутны рух, які аб’ядноўвае штогод дзясяткі тысяч маладых людзей. Справа іх рук — не разавыя «акцыі» і не выключна заробкі, а магчымасць быць датычным да ўзвядзення знакавых аб’ектаў краіны. Сярод іх — Нацыянальная бібліятэка, Мінск-Арэна, стадыён «Дынама», Аўгустоўскі канал, Музей ВАВ, Беларуская АЭС. На мой погляд, студатрадаўскі рух — найлепшае, што сучасны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўзяў ад камсамола.

— Каб стаць студатрадаўцам, неабходна быць членам БРСМ?

— Кожны малады беларус мае магчымасць прыняць удзел у гэтым руху, але ў нас ёсць конкурс на ўступленне ў атрад. У найлепшыя — дзесьці 7 чалавек на месца. Такому конкурсу могуць пазайздросціць многія ВНУ. Прыярытэт аддаецца актывістам саюза моладзі, але членства ў БРСМ не абавязковая ўмова.

— Як тады запісацца ў студатрад?

— Мы распрацавалі маладзёжны прома-праект «Выбірай студатрад» для ўсіх навучальных устаноў. Малады чалавек запаўняе анкету, якую перадае ў пярвічную арганізацыю БРСМ. Там ён адзначае працягласць сваёй работы, сферу пажаданай дзейнасці, чаканні па заробку. Летась мы апрабавалі ў Мінску чат-бот, праз які можна было пакінуць заяўку на ўступленне ў студатрад. Ён добра сябе паказаў, і сёлета мы распаўсюдзілі такую форму на ўсю Беларусь. Акрамя таго, на сайце БРСМ ёсць анлайн-прыёмная, дзе таксама можна пакінуць заяўку.

— Колькі ўжо ахвотных атрымаць месца працы?

— Мы атрымалі ўжо больш за 27 тысяч заявак.

— І ўсіх зможаце ўладкаваць?

— У мінулым годзе мы працаўладкавалі 34 тысячы маладых людзей. Увогуле, ставім амбіцыйную задачу — зрабіць Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў маладзёжным цэнтрам занятасці.

— Верагодна, самае папулярнае пытанне — колькі можна зарабіць у студатрадзе?

— Студатрады — гэта не толькі пра грошы, але і пра асаблівую атмасферу. Калі казаць пра канкрэтныя лічбы, то яны добрыя. Па-першае, у студатрадах ільготныя падаткі (ад падаходнага падатку вызвалены). Другое — заробкі залежаць ад профілю. Самыя высокія ў будаўнікоў. У цэлым, сёння на рэспубліканскіх праектах заработная плата ад 750 да 1200 рублёў за поўны месяц.

— На якіх прадпрыемствах і будпраектах задзейнічаюць студатрады сёлета?

— Трэці год моладзь працуе на «Атланце» — уладкуем каля 300 чалавек на пазіцыю слесара-зборшчыка халадзільнага абсталявання. Упершыню будзем працаваць на Мінскім трактарным заводзе і Мінскім аўтамабільным заводзе. Выходзім на новы ўзровень супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай. Нас чакаюць манцёрамі пуцей і праваднікамі. Будуць нашы хлопцы і дзяўчаты важатымі ў лагеры «Зубраня», працягнуць будаваць сацыяльныя аб’екты ў Астраўцы. Усебеларускай маладзёжнай будоўляй стане ўзвядзення музея ў Хатыні.

Гэты год знакавы выхадам на міжнароднае супрацоўніцтва, у першую чаргу з Расіяй. На конкурснай аснове наша моладзь з Наваполацка прайшла на міжнародную студэнцкую будоўлю ў Кузбасе. Мы ўдзельнічаем у некалькіх усерасійскіх студбудоўлях на нафтагазавых аб’ектах у Якуціі і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Зараз вядзём перамовы аб удзеле нашых студэнцкіх атрадаў ва ўзвядзенні аб’ектаў на касмадроме «Усходні». Магчыма, ужо ў гэтым годзе наша моладзь адправіцца туды.

— Вы кажаце, што студатрады — гісторыя не пра грошы. А што тады прыцягвае моладзь?

—У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця студатрадаўскага руху. Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе гэтаму асаблівую ўвагу. Дзякуючы яго асабістай падтрымцы, дзяржава дае дзіўную магчымасць дакрануцца да будаўніцтва і рэканструкцыі найважнейшых знакавых аб’ектаў. Быць удзельнікам руху з дзясяткам тысяч чалавек дарагога варта. Узаемавыручка, мэтанакіраванасць, адказнасць за справу — гэта пра сучасныя студатрады. Удзел у студатрадаўскім руху прадугледжвае не толькі працу, але і культурную, спартыўную, экскурсійную праграмы. Падчас працы моладзь спаборнічае ў спорце, мастацтве і вытворчых паказчыках — так выбіраецца найлепшы атрад. Моладзь пасля цяжкага працоўнага дня нават піша песні. Штогод у нас з’яўляецца дзясятак песень ад студатрадаў. Што іх схіляе да гэтага? Рамантыка, яднанне.

— Вы таксама былы студатрадавец. У якіх праектах самі прымалі ўдзел?

— З маімі калегамі мы будавалі малочнатаварныя комплексы ў Віцебскай вобласці. Гэта таксама значная дапамога ва ўмацаванні харчовай бяспекі краіны. Я ганаруся тым, што некалі быў датычны да студатрадаўскай дзейнасці.

— Вы з сям’і педагогаў. Чаму працягнулі дынастыю?

— Складанае пытанне… Гісторыя мне падабалася заўсёды. Цікава сачыць за развіццём краін і сацыяльнымі працэсамі. Ды і педагогіку лічу адной з самых гуманных прафесій, якая закладае падмурак яшчэ ў школе. Да пераезду ў Мінск я сумяшчаў працу ў БРСМ з настаўніцкай практыкай — выкладаў гісторыю. Хай калегі не скардзяцца, але гэта самы важны прадмет. Гісторыя дапамагае будаваць прычынна-выніковыя сувязі, аналізаваць сённяшнія падзеі, вывучаючы мінулае, прадбачыць, як мы будзем развівацца далей.

Марыя Дадалка, Звязда