«Распрацоўкі — супер!» — лічаць валанцёры

БРСМ, якія працуюць на выстаўцы

«Беларусь інтэлектуальная»

Выстаўка «Беларусь інтэлектуальная» працягвае работу. За першыя тры дні яе наведалі больш як 30 тысяч чалавек. Свае дасягненні на ёй дэманструюць вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. У экспазіцыі прадстаўлена больш за тысячу распрацовак.

Сёння на выстаўцы працуюць валанцёры БРСМ, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі. Студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Таццяна Калодзіч: «Навіна аб тым, што выстава прадоўжана яшчэ на тыдзень, стала для мяне радаснай падзеяй. Мы з сябрамі адразу адгукнуліся і зноў гатовы аказаць неабходную валанцёрскую дапамогу. Можна з упэўненасцю сказаць, што выстаўка — надзвычай цікавая. Вельмі нечакана, наколькі разнастайныя інавацыі тут прадстаўлены. Уразіла інавацыйнасць ваеннай тэхнікі. Сёння гэта вельмi важна. Кажу з упэўненасцю: Беларусь насамрэч — інтэлектуальная! А яшчэ наша Беларусь — інавацыйная! Мы, валанцёры, будзем вельмі рады бачыць наведвальнікаў на выстаўцы і пры неабходнасці акажам ім патрэбную дапамогу».

Студэнт першага курса гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Первышаў таксама валанцёрыў. Але сёння ён прыйшоў сюды як звычайны наведвальнік, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускімі ноў-хаў: «Я працаваў тут валанцёрам ад БРСМ. Адказваў за стэнд са спілс-картай Беларусі. Гэта такая гульня-галаваломкі, трэба правільна „сабраць“ Беларусь з рэгіёнаў. Мне было вельмі цікава, бо мая спецыяльнасць — „рэгіёназнаўства“. Ад ахвотных не было адбою! Канешне, я гутарыў са шматлікімі наведвальнікамі, і не толькі з імі, размаўляў і з нашымі валанцёрамі. Агульнае меркаванне: выстаўка і распрацоўкі — супер! Сёння прыйшоў разгледзець усё ў дэталях. Вельмі пазнавальна. Выдатна, што наш Прэзідэнт падоўжыў работу выстаўкі. Лічу, што ўсім трэба знайсці час, каб дайсці да „БелЭкспа“. Для мяне галоўны набытак — першы беларускі наўтбук. І няхай ён яшчэ толькі на 30 працэнтаў наш, але гэта, як кажуць, першыя крокі. А вось хто можа назваць ноўтбук, які складаецца з дэталяў толькі з адной краіны? Ніхто! Рады, што прыйшла ідэя аб правядзенні такой выстаўкі, і што на яе прыходзіць шмат маладых людзей. Хай глядзяць! Бо моладзь, ды ўвогуле многія людзі, думаюць, што ўсе адкрыцці ідуць да нас з Захаду. А тут, на выстаўцы, мы бачым навуковы патэнцыял Беларусі. І ён таксама вялізны! Выстаўка — найлепшы таму доказ…»

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда