Ці можна канкурыраваць з Іnstagram і ТіkТоk? Якія

інфармацыйныя прыярытэты ў моладзі

Усяго некалькі дзясяткаў гадоў таму паток медыяінфармацыі быў абмежаваны трыма-чатырма тэлеканаламі, цэнтральнымі газетамі і некалькімі часопісамі. А сёння ўсе мы знаходзімся ў палоне медыя амаль круглыя суткі: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, рэклама, камерцыйныя аб’явы, тэленавіны, кінафільмы, музыка, мноства радыёстанцый… Медыя інтэграваныя ў наша жыццё настолькі, што большасць паведамленняў мы атрымліваем у фонавым рэжыме, не звяртаючы на іх увагі. Моладзь — менавіта тая сацыяльная группа, якая па максімуме спажывае інфармацыю самага рознага зместу. І яна абсалютна свабодная ў выбары тых ці іншых медыя… Што сёння цікавіць маладых людзей? Хто больш аўтарытэтны для іх: блогеры ці журналісты? Ці разумеюць яны розніцу паміж блогерствам і журналістыкай? Ці здольная наша моладзь крытычна ацэньваць інфармацыю? Гэтыя і многія іншыя пытанні ўзнімаліся падчас круглага стала «Інфармацыйныя прыярытэты моладзі». Да дыскусіі мы запрасілі галоўнага саветніка ўпраўлення ўнутранай палітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдата псіхалагічных навук Вольгу БАГАМАЗ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, члена Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры і маладзёжнай палітыцы Ігара ЗАВАЛЕЯ, намесніка дэкана факультэта журналістыкі БДУ, кандыдата філалагічных навук Лізавету ХМЕЛЬ, першага сакратара Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Рамана БАНДАРУКА, блогера, тэлевядучую СТБ і карэспандэнта «Мінскай праўды» Сцюшу ТАЙМ і педагога дадатковай адукацыі, кіраўніка гуртка «Азы журналістыкі» мінскага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» Ангеліну УЛІЧ.

Інфармацыйная беспрынцыповасць

«ЧЗ»: Прапаную азірнуцца гадоў на дзесяць-дваццаць назад. Што змянілася за гэты час у маладзёжных прыярытэтах? Чым цяперашняе
пакаленне адрозніваецца ад папярэдніх? Якім крыніцам інфармацыі аддае перавагу?

Вольга БАГАМАЗ: — Як паказалі вынікі даследавання «Пакаленне Z: устаноўкі і каштоўнасці сучаснай беларускай моладзі», наша моладзь сёння — мабільная, сацыяльна актыўная, нацэленая на поспех і развіццё. Ва ўяўленнях маладых людзей «тройка» крытэрыяў іх жыццёвага поспеху выглядае наступным чынам: павага людзей, моцнае здароўе і добрая сям’я.

Вольга Багамаз

Вельмі важнымі для сучаснай моладзі з’яўляюцца каштоўнасці камунікацыі і самавыяўлення, чаму ў вялікай ступені спрыяе інтэрнэт-прастора, якая для юнакоў і дзяўчат абсалютна натуральнае асяроддзе, бо яны ўжо нарадзіліся ў лічбавым свеце.

Сацыяльныя сеткі выступаюць для іх важным інстытутам сацыялізацыі, даючы ім адчуванне рэальнага часу і пляцоўку для зносін. Гэта новы ўзровень і новае вымярэнне сацыяльных камунікацый. Разам з тым, высокая ўцягнутасць моладзі ў інтэрактыўныя формы камунікацыі стварае перадумовы для фарміравання такой новай якасці як «інфармацыйная беспрынцыповасць», калі ў пагоні за лайкамі, хайпам, праглядамі і рэкламнымі грашыма фарміруецца гатоўнасць размяшчаць кантэнт, які часта супярэчыць і здароваму сэнсу, і традыцыйным нормам маралі. Віртуальны свет хайпу свабодны і ад доўгу, і ад маральных абавязацельстваў… Больш за тое, ён можа праграмаваць палітычныя густы і перавагі. Апошнія паўтара года мы назіраем, як папулярныя ў маладзёжным асяродку блогеры, якія спецыялізаваліся раней, скажам так, на бяскрыўдным кантэнце, у залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры хутка пераключаюцца на зусім іншы парадак дня дзеля пашырэння сваёй аўдыторыі…

Вынікі даследавання «Пакаленне Z…» сведчаць, што 97 працэнтаў рэспандэнтаў (апытваліся падлеткі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў) карыстаюцца інтэрнэтам штодня. 85 працэнтаў заходзяць у сацыяльныя сеткі, 68 працэнтаў — на забаўляльныя сайты. Лідзіруюць сярод сацыяльных сетак у моладзі ТіkТоk і Іnstagram, прычым 64 працэнты рэспандэнтаў заходзяць у іх па тры-чатыры разы штодня.

Моладзь вельмі хутка адаптуецца да новых месенджараў, гэта пакаленне, якое нарадзілася ў часы, калі даступная абсалютна любая інфармацыя. Таму асноўная задача для іх — хутка знайсці патрэбную, скарыстацца ёю і забыць. Гэта пакаленне візуалаў, якое тэкставую інфармацыю ўжо не ўспрымае. Менавіта гэтым можна растлумачыць асаблівую папулярнасць у маладзёжным асяродку Іnstagram і ТіkТоk.

Да таго ж пакаленню Z уласцівае кліпавае мысленне. Прычым кліпавае мысленне ўласцівае ўжо і нам, дарослым. Як мы рэагуем на вялікую колькасць інфармацыі? Правільна, у нас выпрацоўваецца ахоўная рэакцыя: штосьці мы ігнаруем, за штосьці наша ўвага чапляецца, штосьці мы праглядаем толькі павярхоўна, чытаем па дыяганалі. Лішак інфармацыі не дазваляе нам глыбока пагрузіцца ў нешта адно.

А хто лідары думак?

«ЧЗ»: Інтэрнэт-прастора стварае своеасаблівую кашу, дзе можна знайсці ўсё што заўгодна: і блогі, і забаўляльныя рэсурсы, і сур’ёзныя навуковыя работы. А фактычна такі інфармацыйны фаст-фуд прыводзіць да стомленасці мозга. У такой сітуацыі ён пачынае браць толькі самае лёгкае і яркае, а ўсё, што патрабуе разважанняў, ігнаруе…

Ігар ЗАВАЛЕЙ: — Моладзь змянілася, таму што свет змяніўся. Добра гэта ці дрэнна? Добра, што мы ў сусветным трэндзе, што любая інфармацыя нам даступная. Я лічу, што інтэрнэт — гэта вялікая выгода для чалавецтва. У мае студэнцкія гады, калі мне трэба было штосьці даведацца, я ішоў у бібліятэку, заказваў кнігу, нешта выпісваў, а сёння проста дастаткова задаць пытанне «гуглу» — і табе тут жа прапануюць сотні спасылак, фактаў (пацверджаных і непацверджаных) і меркаванняў (не заўсёды абгрунтаваных). Любы відэаролік растлумачыць вучэбны матэрыял майму сыну лепш, чым падручнік. Трэба разумець, што інтэрнэт і сацыяльныя сеткі нікуды не знікнуць, а тое, што нельга перамагчы, трэба ўзначаліць.

Ігар Завалей

Калі мы выбудоўваем сваю інфармацыйную палітыку, павінны мець на ўвазе, што асноўная крыніца інфармацыі для моладзі — інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, і калі нас там няма, калі там няма людзей з правільнымі патрыятычнымі і ідэалагічнымі поглядамі і ўстаноўкамі, то нас для моладзі ўвогуле не існуе. Лідарамі думак у маладых сёння з’яўляюцца блогеры, якія размаўляюць з імі на зразумелай ім мове. А ці шмат прафесійных журналістаў-блогераў з’яўляюцца ў маладзёжным асяроддзі лідарамі думак? Я асабіста не магу такіх прыгадаць… Мы жывём у часы, калі і музыканты, і блогеры, не маючы прафесійнай музычнай і журналісцкай адукацыі, могуць рэалізаваць сябе на інтэрнэт-пляцоўцы. У іх ёсць харызма, яны ведаюць, як працуюць алгарытмы ў TіkTok і Іnstagram, ведаюць, што патрабуюцца кароткія тэксты, яркія загалоўкі, прыгожыя карцінкі, эмоцыі, ведаюць пяць-шэсць ключавых момантаў прасоўвання свайго кантэнту. Усё гэта дазваляе ім быць паспяховымі і збіраць шматтысячную аўдыторыю падпісчыкаў і мільённыя прагляды.

Лізавета ХМЕЛЬ: — Як чалавек, які працуе з абітурыентамі і студэнтамі штодня, мушу канстатаваць, што нават будучыя журналісты аддаюць перавагу электронным сродкам масавай інфармацыі, а не друкаваным. Тэарэтычна можна змяніць друкаваную платформу на электронную, але ці дапаможа гэта зачапіць увагу маладых? Усе дзяржаўныя СМІ маюць свае тэлеграм-каналы, вось толькі ў моладзі яны не карыстаюцца папулярнасцю. Таму даносіць патрэбныя думкі, нашу дзяржаўную палітыку трэба праз сацыяльныя сеткі, праз блогераў, папулярных вядучых, якія маюць уплыў на моладзь. Трэба арыентавацца на канкрэтныя персаналіі. Так, у газетах прадстаўлены сур’ёзная аналітыка, розныя меркаванні, але моладзь гэтую форму падачы інфармацыі не ўспрымае. Гэта насамрэч вялікая праблема — падтрыманне чытацкай культуры.

Лізавета Хмель

Попыт на гісторыі поспеху
«ЧЗ»: А што сёння цікавіць моладзь?

Ангеліна УЛІЧ: — Я хацела б заступіцца за моладзь. У маім гуртку «Азы журналістыкі» 50 выхаванцаў, гэта пераважна вучні 9-11-х класаў. Яны кажуць, што ў дзяцінстве бацькі давалі ім часопісы і газеты, і ім было цікава іх чытаць. Але вось для падлеткавага ўзросту цікавых СМІ сёння няма. Яны чыталі б друкаваныя СМІ, калі б там пісалі даступнай мовай пра тое, што ім насамрэч цікава.

Ангеліна Уліч

Напрыклад, я заўважыла, што маіх выхаванцаў вельмі цікавіць псіхалогія, яны разбіраюцца ў ёй, чытаюць кнігі па адпаведнай тэматыцы. А калі заходзіць гаворка пра тое, у каго ўзяць інтэрв’ю, то кожны другі падлетак хоча пагутарыць менавіта з псіхолагам. Іх цікавіць тэма маладых прафесіяналаў, якую прафесію ім абраць, цікава чытаць пра простых людзей, якія чагосьці дабіліся ў жыцці, гісторыі поспеху. Чаму сярод падлеткаў папулярныя блогеры? Таму што гэта яскравы прыклад поспеху. Яны бачаць, як звычайныя хлопцы і дзяўчаты літаральна з нуля
зарабляюць сабе папулярнасць. І, самае галоўнае, — размаўляюць з імі як роўныя. Маралізатарства падлеткі не ўспрымаюць і фальш яны вельмі тонка адчуваюць. Яшчэ адна актуальная для падлеткаў тэма — валанцёрства…

Вольга БАГАМАЗ: — Падчас даследавання мы цікавіліся, якія асобы прыцягваюць моладзь. На першым месцы з вялікім адрывам ідзе Ілан Маск. Пацвярджаю, што на гісторыі поспеху ў маладзёжным асяроддзі ёсць вялікі попыт. Прычым ім патрэбны хуткі поспех, які асацыіруецца з адкрыццём уласнага бізнесу, самарэалізацыяй, і, на мой погляд, гэтыя іх памкненні можна было б накіроўваць у канструктыўнае рэчышча, бо хто сёння фарміруе каштоўнасці і прыярытэты, стварае карціну свету? Расійскі блогер, казахскі, украінскі, беларускі —- няважна які.

Маладыя — вельмі эмпатычныя і гатовыя ўцягвацца ў валанцёрскую дзейнасць. Таксама мы заўважылі, што моладзь вельмі адчувальная да няшчырасці, бутафорыі, паказушнасці, і калі ў нашых дзяржаўных блогераў ёсць нейкія перагібы, то яны вельмі хутка на гэта рэагуюць і адпісваюцца ад іх акаўнтаў.

Сацыяльныя сеткі ці жывыя стасункі?
«ЧЗ»: Сцюша, вы пазіцыянуеце сябе як беларускую блогерку і патрыётку краіны. У сваіх роліках у TіkTok актыўна падтрымліваеце дзеючую ўладу. Скажыце, гэта працуе? Можа, вы ведаеце сакрэт, як зачапіць увагу моладзі?

Сцюша ТАЙМ: — У мяне медыцынская адукацыя, але яшчэ да падзей 2020 года я зарэгістравалася ў мабільным дадатку Lіkee, пачала весці каналы на YouTube, завяла акаўнт у TіkTok . Лічу, што закрываць каментарыі і блакіраваць хейтараў нельга. Няхай людзі пішуць, што думаюць. Кожны мае права на сваё меркаванне. У мяне таксама ёсць свой пункт гледжання на падзеі ў краіне, які і транслюю. Асабіста я — за канструктыўную гутарку.

Сцюша Тайм

Мяне заўважылі і прапанавалі весці рубрыку на тэлебачанні. Цяпер працую карэспандэнтам на СТБ і ў інфармацыйным агенцтве «Мінская праўда». Тут ужо казалі пра кліпавае мысленне, жаданне атрымаць інфармацыю хутка, пра хайп, лайкі і гэтак далей. Як мы можам гэта выкарыстаць? Напрыклад, можна прыцягваць увагу да газет і тэлебачання праз TіkTok. Вядома, нейкія глабальныя ідэалагічныя рэчы праз гэту сацыяльную сетку не прасунеш, але прыцягнуць увагу да дзяржаўных СМІ можна. Калі здымаеш хайповы ролік, звязаны з газетамі і тэлебачаннем, і табе ўдаецца зачапіць гледача тэмай, артыкулам, сюжэтам, той абавязкова пяройдзе па прапанаваных спасылках. На YouTube можна сказаць больш. Нядаўна мы размясцілі на партале «Мінскай праўды» сюжэт пра павільёны «Белсаюздруку» і правялі з калегай сваё міні-апытанне, каб даведацца, ці чытаюць мінчане газеты. На жаль, такіх знайшлося няшмат, і гэта былі немаладыя людзі. Пераважная колькасць апытаных казалі, што шукаюць навіны ў інтэрнэце. Але калі трапляеш у «Белсаюздрук», рукі самі цягнуцца да газеты. Пах друкарскай фарбы асабіста ў мяне выклікае настальгію, успаміны з дзяцінства. А ці ўсе ведаюць, што ў павільёне «Белсаюздруку» сёння можна набыць гарачыя напіткі, марожанае, зарадзіць тэлефон, аформіць падпіску? Там ёсць бясплатны інтэрнэт і, самае галоўнае, — свежая прэса… Трэба вяртаць моду на друкаваныя СМІ. Увогуле мы жывём у цікавы час, калі блогеры робяцца трохі журналістамі, а журналісты — блогерамі, хоць, зразумела, не ўсе і не заўсёды бачаць паміж імі розніцу.

Раман БАНДАРУК: — Праз інтэрнэт мы спрабуем данесці цікавую інфармацыю аб Саюзе моладзі. Зразумела, што віртуальная прастора актыўна выкарыстоўвацца вельмі рознымі структурамі і арганізацыямі, там пастаянна з’яўляюцца новыя тэндэнцыі, прасочваецца мода на нейкія рэчы. І для БРСМ важна пастаянна быць у трэндзе, у тым ліку ў інтэрнэце.

Раман Бандарук

Нам удаецца даволі паспяхова прасоўваць свой кантэнт у Telegram, Іnstagram, «УКантакце», а вось у TіkToK даносіць патрэбную інфармацыю больш праблематычна. Трэба фарміраваць асобны маладзёжны калектыў, які б з веданнем законаў гэтай сацыяльнай сеткі мог бы працаваць на інтарэсы маладзёжнай арганізацыі. Але ўсё роўна лічу, што сацыяльныя сеткі не могуць замяніць жывых стасункаў. Зусім іншая справа — дыялогавыя пляцоўкі, якія арганізоўвае БРСМ: гэты фармат дае магчымасць моладзі ўзнімаць самыя вострыя праблемы і задаваць хвалюючыя пытанні асабіста прадстаўнікам органаў улады, палітыкам, прадпрымальнікам, грамадскім дзеячам.

Я як кіраўнік самай буйной тэрытарыяльнай структуры БРСМ — Мінскай гарадской арганізацыі — ніколі не закрываю каментарыі пад сваімі пастамі ў сацыяльных сетках, бо зваротная сувязь павінна быць. Але мне здаецца, што ўступаць у дыскусіі ў сацыяльных сетках бессэнсоўна, ты ўсё роўна праз смартфон сваю пазіцыю не данясеш. Згодны з тым, што моладзь вельмі тонка адчувае фармалізм, таму лепш зрабіць менш, але больш якасна. Бо адзін раз на тваю акцыю ці мерапрыемства прыйдуць з цікавасці, можа быць, яшчэ другі раз прыйдуць, але трэцяга ўжо дакладна не будзе. А валанцёрства сёння насамрэч у трэндзе ў моладзі… Валанцёрскія акцыі заўсёды выклікаюць шчыры інтарэс з боку членаў нашай арганізацыі.

Улічваючы, што менавіта інтэрнэт сёння фарміруе для моладзі карціну свету, іх свядомасць, каштоўнасныя ўстаноўкі і памкненні, хацелася б напоўніць сацыяльныя сеткі пазітыўнай інфармацыяй.
Расказаць нам ёсць пра што, у саюзе, дарэчы, кожны малады чалавек па-свойму таленавіты і крэатыўны. І са свайго боку мы будзем рабіць усё для таго, каб інтэрнэт быў пазітыўны.

Вольга БАГАМАЗ: — Мяркую, што з улікам мабільнасці моладзі можна было б папулярызаваць вандроўкі па Беларусі. Любоў да Радзімы можна выхоўваць і такім ненавязлівым спосабам.

Інфармацыйная гігіена
«ЧЗ»: Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць маніпуляваць людзьмі і ўкараняць у іх галовы далёка не бясшкодныя ідэі. На іх платформах вельмі лёгка фарміраваць розныя групы ў нечых інтарэсах. А ці здольная наша моладзь крытычна ацэньваць інфармацыю? Як навучыць адфільтроўваць патрэбнае, не дапускаць маніпулявання, адрозніваць факты ад меркаванняў, праўду ад дапушчэнняў? І ўвогуле, хто гэтым павінен займацца?

Вольга БАГАМАЗ: — Пластычнасць сучасных інфармацыйных пляцовак, якія адаптуюцца пад патрэбы дзяцей і моладзі, проста каласальная, а хуткасць уцягвання маладых людзей у іх інфармацыйныю павестку — вельмі небяспечная. TіkTok максімальна просты з пункту гледжання размяшчэння на яго платформе кантэнту. Там вельмі лёгка стварыць інфармацыйную нагоду, а людзі самі да яе падключацца. Моладзь насамрэч не бачыць розніцы паміж блогерствам і журналістыкай. Прафесійны журналіст кіруецца этычным кодэксам, прынцыпам «не нашкодзь»; інфармацыю, якую распаўсюджвае, ён правярае, а ў блогераў ніякіх маральных і прафесійных абмежаванняў няма. Галоўнае — хуткасць, хайп і колькасць лайкаў.

Вядома, чалавек з развітым крытычным мысленнем любую інфармацыю ўспрымае з разумнай доляй скептыцызму, супастаўляе з процілеглымі пунктамі погляду і разглядае яе магчымыя наступствы. Таму галоўным унутраным фільтрам і асновай інфармацыйнай гігіены павінна стаць развіццё ў падрастаючага пакалення крытычнага мыслення ну і, вядома, фарміраванне каштоўнасцяў, бо чалавекам з каштоўнаснай базай цяжка маніпуляваць.

Летась у выдавецкім цэнтры Нацыянальнага інстытута адукацыі выйшаў у свет дапаможнік «Актуальныя пытанні забеспячэння інфармацыйнай бяспекі». Гэты ўнікальны праект стаў вынікам плённага міжведамаснага супрацоўніцтва. Сярод яго аўтараў — вучоныя-практыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі, юрыспрудэнцыі, інфармацыйнага права і педагогікі. Безумоўна, работа па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі павінна весціся з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў, напрыклад у старшай школе важна растлумачыць падлеткам тэхналогіі маніпулявання ў інфармацыйнай прасторы, расказаць пра інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне сучасных медыя, якія распаўсюджваюць дэструктыўны кантэнт, пра адказнасць за парушэнні заканадаўства ў дадзенай сферы. У малодшай школе — больш увагі аддаць рызыкам, якія прысутнічаюць у інтэрнэце, і правілам бяспечных паводзін. З упэўненасцю магу сказаць, што тэма інфармацыйнай гігіены актуальная абсалютна для любога ўзросту, таму што адрозніць праўду ад фэйкаў не могуць і бацькі сённяшніх школьнікаў. І школа ўжо актыўна працуе ў згаданым напрамку, але павінна быць пераемнасць на ўсіх узроўнях адукацыі.

Ігар ЗАВАЛЕЙ: — Дадзеная тэма звышактуальная сёння, таму што алгарытмы і формы данясення інфармацыі пастаянна змяняюцца. Дэструктыўнае ўздзеянне на свядомасць, асабліва моладзі, у апошні час асабліва адчуваецца, таму калі мы пусцім усё на самацёк, то заўтра будзем жыць ужо не сваім розумам, а па чыёй-небудзь указцы.

«ЧЗ»: І ўсё ж такі, ці засталося ў сучасным свеце месца для маладзёжнага выдання: электроннага ці друкаванага?

Лізавета ХМЕЛЬ: — Пры той разнастайнасці кантэнту, якую забяспечваюць сацыяльныя сеткі, складана зрабіць так, каб адно выданне зацікавіла ўсю падлеткавую ці маладзёжную аўдыторыю. Таму павінна, напэўна, быць дыферэнцыяцыя, напрыклад, гэта могуць быць выданні, прысвечаныя камп’ютарным гульням і свету ІТ, падарожжам і гэтак далей. Таксама трэба больш увагі аддаваць формам падачы інфармацыі. Для старэйшага пакалення гэта адна форма падачы, а для моладзі яна павінна быць іншай, каб заставацца з імі на адной хвалі.

Ангеліна УЛІЧ: — Лічу, што і падлеткавыя, і маладзёжныя СМІ сябе не зжылі. Калі казаць пра падлеткавыя выданні, то я выступаю за тое, каб прыцягваць да іх стварэння саміх падлеткаў, бо яны лепш ведаюць, што цікава іх аднагодкам. Для іх важныя візуалізацыя, жывыя прыклады, гісторыі людзей. З уласнага вопыту магу сказаць, што школьнікаў цікавяць конкурсы, якія праводзяць СМІ. Калі тэма іх зачапіла, то гэта будзе стопрацэнтнае пападанне: дзеці будуць удзельнічаць, адсочваць, распачнецца ланцуговая рэакцыя, і яны прыйдуць і на сайт, і да папяровага варыянта газеты.

Раман БАНДАРУК: — «Чырвонка. Чырвоная змена» мае больш чым стагадовую гісторыю, яна стварала летапіс камсамольскага руху. А БРСМ з’яўляецца пераемнікам камсамола і выконвае тыя ж задачы. Мы ахопліваем не толькі школьнікаў, студэнтаў, але і працоўную моладзь. І наша задача — даносіць да маладых людзей сваю актуальную інфармацыю, трансліраваць ім свой парадак дня.

Ігар ЗАВАЛЕЙ: — Друкаваныя СМІ, безумоўна, павінны застацца. Для Саюза моладзі мець свой орган друку — гэта яшчэ і важны рэпутацыйны момант. Культура напісання вялікіх артыкулаў не павінна знікнуць, як і прафесіяналы, якія ўмеюць тое рабіць. Але трэба ўсё ж такі працаваць з улікам сучасных рэалій, ісці ў сацыяльныя сеткі. Калісьці мае бацькі чыталі газету ад першай да апошняй паласы. У іх быў на гэта час, а газета была галоўнай крыніцай інфармацыі. Для новага пакалення важна, каб увесь тэкст змяшчаўся на экране смартфона і яго не трэба было гартаць далей. А калі радкі не суправаджаюць відэа, фатаграфіі, інфаграфіка, то ніхто і не стане тое рабіць. Увогуле, хто ведае, што мы будзем абмяркоўваць яшчэ праз дзесяць гадоў? Ці застануцца Іnstagram і TіkTok? Можа быць, чытаць газеты зноў стане модным? Здаровы лад жыцця стаў сярод моладзі папулярным. Можа, і чытанне газет стане трэндам?

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА