«Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны 20/24» упершыню прайшоў у Беларусі
Фінал Мінскага абласнога конкурсу «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны 20/24» упершыню прайшоў 9 студзеня на сцэне Слуцкага гарадскога Дома культуры. Яго арганізатарамі выступілі Мінскі абласны камітэт Грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» сумесна з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам.
За перамогу змагаліся дзевяць найлепшых навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці. Сярод іх былі будучыя работнікі сельскай гаспадаркі, будаўнікі, электрагазазваршчыкі, маркетолагі, настаўнікі, медыцынскія сёстры і ветэрынарныя ўрачы. Варта адзначыць, што іспыты пачаліся яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы. Усе ўдзельнікі абаранялі свае праекты, якія або рэалізаваны ў іх установе адукацыі або плануюцца да рэалізацыі ў бліжэйшыя тры гады.
На адкрыцці мерапрыемства выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко:
— Упэўнены, што моладзь Міншчыны настроена заўсёды на пазітыў. А прадстаўленыя сёння да пачатку сцэнічнага дзеяння праекты паказвае, што наша моладзь настроена на аказанне дапамогі іншым. І гэта вельмі важна. Таксама ён заклікаў юнакоў быць актыўнымі і не спыняцца на дасягнутым незалежна ад вынікаў конкурсу.
А далей пачалося фінальнае шоу з конкурсам візітак, дэманстрацыяй навыкаў аратарскага майстэрства і іншых талентаў. Песні, танцы, вершы... Усе 9 удзельнікаў дастойны лепшага, але пераможца толькі адзін.
Пасля праходжання ўсіх конкурсных іспытаў, журы зрабіла свой выбар і вызначыла тройку лідараў.
Першае месца заняла Анастасія Краўцова, навучэнка Іллянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Таксама яна стала пераможцай у дадатковай намінацыі «Маладзёжны ПРАрыў Міншчыны ONLINE». Другое месца дасталася Дар’і Назарчук, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа. Трэцяе — Лізавеце Сімановіч, якая прадстаўляла Барысаўскі дзяржаўны каледж.
Фота аўтара