У краіне стартуе Нацыянальны «Кубак чысціні Беларусі»
16 верасня экаваланцёры руху «Добрае Сэрца» Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ дадуць у сталічным парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка старт Нацыянальнаму чэмпіянату «Кубак чысціні Беларусі».
Першае экамерапрыемства чэмпіянату аб’яднае напярэдадні Дня народнага адзінства студэнцкі актыў БРСМ — 25 валанцёрскіх каманд руху «Добрае Сэрца» мінскіх устаноў вышэйшай адукацыі (75 чалавек).
Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў правядуць інструктаж па тэхніцы бяспекі і правілах чэмпіянату. Далей — размінка перад спаборніцтвамі. Чэмпіянат стартуе з традыцыйнай «Народнай зарадкі» і дадатковых актыўнасцяў «Экаметкасць», «Артэфакты».
Галоўная акцыя дня — «Чыстыя гульні» — спаборніцтвы па раздзельным зборы смецця. Узброеныя наборам удзельніка чэмпіянату (у яго ўваходзяць бэйдж, пальчаткі, пакеты для збору розных відаў смецця:шкла, металу, пластыка, паперы) каманды экаваланцёраў зоймуцца зборам смецця ў парку на хуткасць.
За кожны напоўнены смеццем пакет каманда атрымае ўстаноўленую колькасць балаў. Вызначаць чэмпіёнаў пасля пераводу балаў у кілаграмы з дапамогай спецыяльнай праграмы, пераможцы атрымаюць прызы.
Абсалютна ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакае прыемны бонус для аб’яднання — пікнік на свежым паветры. Валанцёрскія камандныя спаборніцтвы Нацыянальнага чэмпіянату «Кубак чысціні Беларусі» пройдуць ва ўсіх абласцях Беларусі 16-24 верасня і збяруць каля 500 экадобраахвотнікаў. Эстафету чэмпіянату ў Мінска 20 верасня прыме Гродна, 21 далучацца Пінск і Магілёў, 22 — Полацк, 23 — Гомель і Мінскі раён.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, арганізатар акцыі, упэўнены, што падобныя праекты прыўносяць у валанцёрскі рух БРСМ новую форму эфектыўнага камандаўтварэння і карыснага заняцця вольнага часу. Яны накіраваны не толькі на экалагічную асвету юнакоў і дзяўчат, але і на згуртаванне маладзёжных калектываў праз захапляльную гульню па добраўпарадкаванні прыродных тэрыторый.
Дарэчы, у перыяд з 16 па 24 верасня больш за 200 мерапрыемстваў, аналагічных Нацыянальнаму «Кубку чысціні Беларусі», адбудуцца яшчэ ў дзевяці краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў: Расіі, Азербайджане, Арменіі, Казахстане, Кыргызстане, Таджыкістане, Туркменістане і Узбекістане. Усе яны будуць садзейнічаць падрыхтоўцы добраахвотнікаў-эколагаў да ўдзелу ў Міжнародным турніры «Еўразійскі кубак чысціні», правядзенне якога запланавана на вясну 2024 года, аб’яўленага ў краінах СНД Годам валанцёрскага руху.